У лечкамісіі ёсць асобныя віп-палаты для Лукашэнкі — экс-чыноўнік

Зала для рэабілітацыі ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры ў Ждановічах

Зала для рэабілітацыі ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры ў Ждановічах / TUT.BY

Чыноўнікаў адміністрацыі Лукашэнкі ў спецыяльнай клініцы абслугоўваюць зусім на іншым узроўні, чым астатніх беларусаў. Пра гэта сайту "Зеркало" расказаў былы супрацоўнік Адміністрацыі.

Гаворка ідзе пра Рэспубліканскі клінічны медцэнтр Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — так званую лечкамісію. Узначальвае яго меркаваная маці малодшага сына Лукашэнкі, цяпер член Савета Рэспублікі Ірына Абельская. Дзяржслужбоўцаў і тых, хто "зрабіў значны ўнёсак у развіццё дзяржавы" абслугоўваюць бясплатна, астатніх — за грошы.

Раней лечкамісія размяшчалася ў цэнтры Мінска, але ў 2018-м пераехала ў пасёлак Ждановічы. Новы будынак абышоўся ў 100 мільёнаў долараў. Для яго спецыяльна закупілі новае абсталяванне. Пасля пераезду ў клінікі з'явіўся новы сайт — vip-clinic.by.

"Так, спачатку там планавалі абслугоўваць толькі самых вышэйшых чыноўнікаў узроўню прэзідэнта, прэм'ера, міністраў. Але потым аказалася, што лечкамісія пустуе — лекары сядзяць без нагрузкі, прастойвае абсталяванне. Тады ў лечкамісіі дазволілі абслугоўвацца супрацоўнікам ўзроўню начальнікаў упраўленняў і аддзелаў. А затым — усім чыноўнікам з арганізацый вышэйшага звяна, яны яшчэ называюцца рэспубліканскімі органамі грамадзянскага кіравання (скарочана — РОГК). І так колькасць пацыентаў вырасла да пяці тысяч чалавек. У старой "лечцы", напрыклад, абслугоўвалі 17 тысяч", — кажа экс-чыноўнік.

Мужчына прызнаецца, што дзесяць гадоў працы на дзяржслужбе не карыстаўся паслугамі звычайных устаноў аховы здароўя. І цяпер ён пабойваецца ісці ў звычайную паліклініку. Па яго словах, у лечкамісіі не было вялікіх чэргаў да дактароў, калі талон можна атрымаць толькі праз паўтара-два месяцы пасля звароту. Звычайна лекар прымаў на гэтым жа ці наступным тыдні, а па тэрміновай неабходнасці — у той жа дзень. Чэргі былі толькі да стаматолага.

Вялікае адрозненне было ў падыходзе да рэабілітацыі пацыентаў пасля складаных захворванняў і аперацый. "Напрыклад, пасля вывіху або інсульту цябе вылечаць, вядома. Але вось з працэдурамі аднаўлення — масажы, віхравыя ванны, лекавая фізкультура, шведскія сценкі, мячы, медыцынскія бегавыя дарожкі — ва ўстановах для грамадзян усё вельмі дрэнна. А ў "лечцы" з гэтым наогул праблем няма. Вышэйшыя чыноўнікі могуць хадзіць туды проста так, каб пазаймацца фізіятэрапіяй", — адзначае экс-чыноўнік.

Але звычайныя пацыенты нават за грошы не змогуць атрымаць той жа ўзровень медыцыны і сэрвісу, якія даступныя чыноўнікам бясплатна. Усе пацыенты дзеляцца на віпаў і астатніх. Да першай катэгорыі адносяцца службовыя асобы ўзроўню прэм'ер-міністра ці намесніка міністра ўнутраных спраў генерал-маёра Мікалая Карпянкова, да другой — усе астатнія, у тым ліку чыноўнікі, "прымацаваныя"да віп-клінікі.

"Там ты проста знаходзішся ў нармальнай па еўрапейскіх мерках клініцы. Усё адносна на вышэйшым узроўні, вакол сасновы лес. Ты спакойна чакаеш сваёй чаргі, і лекары з табой нармальна размаўляюць. Вобразна кажучы, усё адбываецца так, як яно павінна быць у нармальнай медыцыне. Але калі ты службовая асоба высокага ўзроўню, то цябе пад ручку заўсёды будзе вадзіць медсястра, і там у цябе больш магчымасцяў. Калі, напрыклад, хочаш запісацца на масаж, то зробіш гэта без праблем", — тлумачыць экс-чыноўнік.

Ён адзначае, што ў палатах стаяць артапедычныя ложкі, дзе становішча цела рэгулюецца электронікай, а не механічнымі сродкамі, як у звычайных клініках. Палаты мыюць спецыяльнай італьянскай машынай.

"І яшчэ ёсць віп-палаты для Лукашэнкі. Не ўпэўнены, ці даступныя яны для вышэйшых чыноўнікаў, але яго сыны дакладна могуць імі карыстацца", — дадае мужчына.

Паводле яго словаў, падчас пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе пацыентам клінікі ставілі менавіта дыягназ "каранавірус". У звычайных паліклініках у той час нярэдка называлі іншыя дыягназы, хаця і лячылі ад каранавіруса. Пацыенты з цяжкімі формамі захворвання маглі разлічваць на самы лепшы догляд, таму смяротнасць ад каранавіруса сярод чыноўнікаў была вельмі нізкай.

Таксама мужчына расказаў, што пасля пратэстаў 2020-га сярод чыноўнікаў рэзка вырас попыт на паслугі псіхіятраў і іх лекі: "Калі коратка, дзяржслужба моцна падсела на транквілізатары і антыдэпрэсанты". Для многіх стрэсам сталі не толькі пратэсты, але і затрыманні сваякоў, сяброў, навуковых кіраўнікоў і выкладчыкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі