У Белградзе праходзіць гей-прайд пад аховай спецназу

У Белградзе праходзіць гей-прайд пад аховай спецназу

Тысячы байцоў сербскага спецназу перакрылі цэнтр Белграда, дзе сёння праходзіць гей-прайд. Улады краіны асцерагаюцца, што на ўдзельнікаў шэсця нападуць экстрэмісты, якіх нямала ў пераважна кансерватыўнай Сербіі.

Над цэнтрам горада лятаюць верталёты, рух транспарту быў перакрыты за некалькі гадзінаў да запланаванага збору, паведамляе агенцтва Associated Press.

У папярэднія гады ўлады некалькі разоў адмянялі гей-прайды пасля масавых беспарадкаў, якія адбыліся на гэтым мерапрыемстве ў 2010 годзе — тады болей за сотню паліцыянтаў і ўдзельнікаў беспарадкаў атрымалі раненні.  

Нягледзячы на стаўленне да сэксуальных меншасцяў у грамадстве, Сербія імкнецца пашырыць іх правы, бо прэтэндуе на далучэнне да Еўрасаюза. Сярод такіх захадаў — прызначэнне на пасаду міністра дзяржаўнага кіравання адкрытай лесбіянкі Аны Брнабіч.