Вы тут

У цэнтры Осла адбылася страляніна, адменены штогадовы прайд

Паліцыя ў раёне Осла, дзе адбылася страляніна / EPA

У ноч на суботу ў выніку страляніны ў трох начных установах Осла, уключаючы гей-бар, загінулі 2 чалавекі і 21 атрымаў раненні. Падазроны арыштаваны, яму прад'яўлены абвінавачанні па артыкулах аб забойстве, замаху на забойства і акце тэрарызму.

Тры ўстановы, у якіх адбылася страляніна, знаходзяцца недалёка адна ад адной у цэнтры нарвежскай сталіцы. Усё адбылося каля гадзіны ночы.

Па дадзеных паліцыі, затрыманы — 42-гадовы грамадзянін Нарвегіі іранскага паходжання. Ён быў арыштаваны праз некалькі хвілін пасля нападу. Раней ён трапляў у поле зроку паліцыі за дробныя парушэнні — напрыклад, за нашэнне нажа і наркотыкаў.

"На дадзены момант усё кажа нам аб тым, што гэтае дзеянне здзейсніў адзін-адзіны чалавек",цытуе словы прадстаўніка паліцыі Тора Бастада BBC.

Пасля здарэння над цэнтрам Осла кружылі верталёты, сірэны машын хуткай дапамогі і паліцыі былі чутныя па ўсім горадзе. Універсітэцкая бальніца Осла перайшла ў рэжым павышанай гатоўнасці.

У суботу ў Осла меў адбыцца штогадовы прайд, але арганізатары адмянілі яго па рэкамендацыі паліцыі.

У 14:00 па мясцовым часе стартуе "Парад роўнасці" ў Варшаве. Паведамляецца, што ён пачнецца з хвіліны маўчання ў падтрымку ахвяр у Осла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.