“У Беларусі з’явіўся небяспечны для ўлады рынак для новых палітычных сіл”

         За спробай наладзіць адносіны з ЗША стаяць намаганні Макея





Еўрарадыё: З вуснаў Лукашэнкі прагучаў сігнал у бок ЗША — пра магчымасць перазагрузкі адносінаў. А праз некалькі дзён пасля прэс-канферэнцыі для СМІ ён, нібы ў працяг гэтага сігналу, сустрэўся з амерыканскімі палітолагамі. Гэта насамрэч сур’ёзны сігнал, сапраўды, у яго ёсць спадзяванне, што з прыходам на пасаду новага кіраўніка Дзярждэпа ЗША магчымая такая перазагрузка, ці “сігнал” — не больш, чым гульня на публіку?



Аляксей Пікулік: Хоць мы і жывём ва ўмовах дастаткова персаналісцкага недэмакратычнага палітычнага ладу ў Беларусі, але пры гэтым мы часцяком дапускаем адну вялікую лагічную памылку: мы лічым – усё што адбываецца, гэта такая метастратэгія аднаго чалавека, аднаго розуму. У той час, як мы, хутчэй за ўсё, маем справу з сістэмай, якая ўжо не вельмі добра кіруецца, у якой розныя органы, розныя інстытуты, галіны ўлады вырашаюць асабістыя задачы, а пастаўленыя задачы вырашаюць па-свойму. У тым, што тычыцца перамоў беларускага МЗС і замежнымі амбасадарамі. У тым, што тычыцца прыезду амерыканскіх палітолагаў, цалкам верагодна, прысутнічае не нейкая метастратэгія Лукашэнкі, накіраваная на спробу перазагрузіць адносіны з Захадам, а дэманстрацыя дзейнасці МЗС пад кіраўніцтвам Макея. З іншага боку, я ўпэўнены, што ў сітуацыі, калі ўлада разумее, што вельмі патрэбныя грошы і вельмі патрэбная нармалізацыя адносінаў, яна спрабуе гэтыя адносіны вярнуць і перазагрузіць, але на сваіх прынцыпах. Яна спрабуе быць больш упартай, чым ЕС і ЗША разам.



Еўрарадыё: Значыцца, сігнал у бок ЗША “справакаваны” нават не зменай кіраўніка Дзярждэпа і не настроем Лукашэнкі, а намаганнямі нашага знешнепалітычнага ведамства?



Аляксей Пікулік: Я думаю, што за гэтым стаяць намаганні Макея. Хутчэй за ўсё, калі яго прызначалі міністрам замежных спраў, перад ім паставілі задачу нармалізаваць адносіны з Еўропай і ЗША. І выправіць тую сітуацыю, у якую нас уцягнуў Лукашэнка. Мяркую, гэта беларуская ініцыятыва.



Еўрарадыё: Цікава, што наконт магчымай перазагрузкі адносінаў з Еўрасаюзам нічога падчас прэс-канферэнцыі ад Лукашэнкі не прагучала…



Аляксей Пікулік: Магчыма, стаўка на тое, што спачатку неабходна паспрабаваць размарозіць адносіны з ЗША выкліканая тым, што беларускае МЗС выдатна разумее — ЗША значна менш бюракратычная структура, у тым, што тычыцца прыняцця знешніх рашэнняў, чым Еўрасаюз. У ЗША значна менш крыўдаў на Беларусь, як і ў Беларусі — на ЗША, бо ў перадвыбарчай барацьбе 2010 года ЗША не гуляла на баку кагосьці з апазіцыйных кандыдатаў. І МЗС выдатна разумее, што найбольш вырашальная задача — рыал-палітык ва ўзаемаадносінах з ЗША. Бо Еўропа займае больш маральную пазіцыю, з якой вельмі складана выйсці. І таму яна больш “моцны арэшак”, чым ЗША. Да ўсяго, на Еўропу Лукашэнка насамрэч моцна пакрыўдзіўся. Бо ўся Еўропа ў яго карціне свету — супраць яго: літоўцы самалёцік прапускаюць, шведы самалёцік запускаюць. І ніякага расследавання па гэтым факце няма, хоць, відавочна, што ў гэтай справе ёсць склад крымінальнага злачынства. А Еўропа чамусьці не хоча быць глабальным гульцом, а часам скатваецца да ўзроўню рыторыкі беларускіх уладаў. Напэўна, Еўропе можна было б быць крыху “вышэй”.



Еўрарадыё: А заява, што яго не запросяць восенню на саміт Усходняга партнёрства, гэту крыўду яшчэ больш узмацніць?



Аляксей Пікулік: Узровень той крыўды, якая ўзнікла пасля снежня 2010-га года цяжка некуды павялічыць. Хоць розныя санкцыі і самалёцікі і падліваюць алею ў полымя… Што тычыцца саміту Усходняга партнёрства ў Вільні, то я б не стаў катэгарычна казаць, што Лукашэнка туды не патрапіць. Я цалкам веру, што некаторая размарозка, калі Беларусь пойдзе на крокі, датычныя найперш вызвалення палітвязняў, можа цалкам усё змяніць і надаць новую дынаміку падзеям. Хаця, натуральна, часу застаецца мала.



Еўрарадыё: Вы сапраўды не выключаеце таго, што дзеля наладжвання стасункаў з Еўропай Лукашэнка можа вызваліць тых, каго ён упарта называе крымінальнікамі?



Аляксей Пікулік: Калі будзе прынятае рашэнне, што прымірыцца з Еўропай трэба абавязкова, то гэта магчыма. Але я не бачу, каб пытанне размарозкі і запрашэння на віленскі саміт у дадзены момант насіла характар неабходнасці. Пакуль беларускія ўлады могуць выкручвацца і без хуткай размарозкі і перазагрузкі адносінаў. А ў выпадку з палітзняволенымі мы бачым значна больш асабістай крыўды, чым відавочнай логікі, стратэгіі ўладаў у адносінах да іх.





        На тое, каб перад 2015 годам накачваць рэйтынг Лукашэнкі, у краіне няма грошай





Еўрарадыё: Але ж на прыкладзе ЗША мы бачым, што пачатак перазагрузкі пакладзены. Ці не сведчанне гэта таго, што Лукашэнка пачынае рыхтавацца да выбараў 2015 года?



Аляксей Пікулік: Магчыма. Калі мы паверым у тэорыю геапалітычнага цыкла, сэнс якога ў тым, што калі Лукашэнка пераабіраецца — ідуць два-тры гады замарозкі адносінаў з Захадам, рэпрэсіі, змаганне за зніжэнне рызыкі страты ўлады, а прыблізна за два гады да чарговых выбараў пачынаецца цыкл нармалізацыі адносінаў. У надзеі на тое, што выбары будуць прызнаныя. Сыходзячы з гэтай тэорыі — так, час ужо пачынаць рыхтавацца і пісаць сцэнарый таго, якім чынам пераабрацца ў 2015 годзе з мінімальнымі стратамі. Але цяпер Лукашэнку будзе складана накачваць рэйтынг. Калі да 2011 года метад “сярэдняга заробка” працаваў добра, то цяпер павялічэнне заробка дае вельмі малое павялічэнне рэйтынгу. Рэйтынг пачынае залежаць ад нейкіх іншых рэчаў. Подкуп выбаршчыкаў — не такая простая рэч. Паводле дадзеных НІСЭПД, Лукашэнка мае каля 30%, і я мяркую, што гэтым звесткам можна давяраць. Камандзе Лукашэнкі неабходна павялічыць рэйтынг да 50%. І пачынаць гэта трэба рабіць ужо цяпер. А якім чынам? Трэба больш плаціць людзям, маніпуляваць стаўкай рэфінансавання, вырашаць пытанне з пенсіямі, вяртаць вялікія праграмы крэдытавання жылля — гэта ўсё рабіць цяпер вельмі дорага. Таму спробы вярнуць давер і накачка рэйтынга пачнецца дзесьці у 2014 годзе. А пакуль Лукашэнка будзе старацца не згубіць гэтыя свае 30%. Але ў ідэале для яго — рэйтынг у 50%. Бо нават недэмакратычны лідар павінен заставацца легітымным і папулярным!





     Наўрад ці ўсё можна валіць на Лукашэнку, як на такога мегамозга, які сядзіць і ладзіць ўсе падкопы





Еўрарадыё: Вы сказалі: “Лукашэнка дэманстраваў, што кантралюе сітуацыю”. Тым не менш, пытанне наконт продажу “Беларуськалія” ён пераадрасаваў Сямашку, пра выплаты крэдытаў МФВ — Ермаковай, аб’яднанне газет — Якубовічу. Адчуванне, што не ўсё ён кантралюе, ад такога не ўзнікае?



Аляксей Пікулік: У прынцыпе — так. Але магчыма, што такім чынам ён дэманструе, што становіцца больш мудрым палітыкам — нарэшце камусьці асобныя рэчы дэлегуе, і мадэрнізацыя палітычнага кіравання, калі не адзін ён прымае рашэнне, усё ж адбываецца. А можа, гэта жаданне падзяліць з кімсьці патэнцыйную адказнасць за негатыўныя працэсы ў краіне. Цяжка сказаць, чым выкліканая такая стратэгія.



Еўрарадыё: Але ж, складваецца ўражанне, што Лукашэнка часцяком не ў курсе таго, што адбываецца ў краіне — пра “чорныя спісы” музыкантаў ён не чуў, што настаўнікаў даводзіцца шмат папяровай працы рабіць — не ведае…



Аляксей Пікулік: Цалкам верагодна, што Лукашэнка не ў курсе асобных рэчаў, тых жа “чорных спісаў”. Беларуская сістэма пабудаваная так, што вялікая колькасць розных органаў і ведамстваў займаецца канкурэнцыяй за вырашэнне пэўных задач. І тое, што Лукашэнка даведваецца — гэта, хутчэй за ўсё, тое, што яму дакладаюць. А паколькі кола людзей, якія маюць права асабістага даклада прэзідэнту, абмежаваная, то гэтыя людзі маюць вялікую магчымасць для інтэрпрэтацый, падачы інфармацыі ў тым рэчышчы, у якім гэта выгадна ім і тым ведамствам, якія яны прадстаўляюць. Цалкам дапушчальна, што Лукашэнка не сядзіць і асабіста не плануе ўсе рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай дэмакратычнай супольнасці. Магчыма, часцяком мы сутыкаемся з некаторай самадзейнасцю розных канкуруючых органаў. Шматлікія з якіх займаюцца палітычным зыскам. Таму, наўрад ці тут усё можна валіць на Лукашэнку, як на такога мегамозга, які сядзіць і ладзіць ўсе падкопы. Я тут не кажу нічога новага — гэта Макіявелі.



Еўрарадыё: Што, на ваш погляд, змянілася ў беларускім грамадстве цягам апошніх 3-5 гадоў?



Аляксей Пікулік: Беларускае грамадства працягвае сталець, становіцца больш хітрым, больш рацыянальным. Беларусы на пэўным узроўні падтрымліваюць уладу, бо гэта нясе пэўныя выгоды. У той жа час, яны пачалі разумець, што за павышэннем заробка заўсёды наступае горкае пахмелле — альбо дэвальвацыя, альбо рост знешніх пазык, альбо яшчэ нешта. Прыйшло разуменне, што з ніадкуль нічога не з’яўляецца. Насуперак разуменню таго, што беларускі цуд шмат у чым залежыць ад падтрымкі Расіі, праеўрапейскія настроі павялічваюцца. Грамадства па-ранейшаму не давярае апазіцыі — рэйтынг яе вельмі малы, і ён пастаянна падае. Пры гэтым, беларусы хочуць перамен, рыначных рэформ. Іншая справа, што мы не да канца ведаем, што насамрэч простыя беларусы ўкладаюць у сваё бачанне рыначных рэформ і змены мадэлі кіравання. Затое яны пачынаюць усё больш давяраць незалежным даследчым цэнтрам, незалежным СМІ, незалежным прафсаюзам. І ўсё гэта — на фоне зніжэння даверу да апазіцыі. Па-ранейшаму захоўваецца інтрыга: калі за Лукашэнку — 30%, за апазіцыю — 20%, то за каго большасць? Не хачу казаць, што ў нас ужо ёсць попыт сярод часткі грамадства на нейкую праграмную, палітычную, ідэйную, лідарскую, але тое, што рынак ёсць, каб гэты попыт з’явіўся, гэта мы можам канстатаваць. Карацей, рынак для новых сіл у Беларусі ёсць, але ўлада будзе рабіць усё, каб гэты рынак, гэтую цэнтрысцкую пазіцыю, ніхто не змог заняць. Бо гэты цэнтр значна больш небяспечны, з пункту гледжання перспектыў страты ўлады, чым відавочна апазіцыйныя групы.

Фота: Змітра Лукашука

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі