У Беларусі з 1 траўня на 2,1% вырасце бюджэт пражытковага мінімуму

У Беларусі з 1 траўня на 2,1% вырасце бюджэт пражытковага мінімуму

Бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) чарговы раз павысіцца ў Беларусі. У сярэднім на душу насельніцтва БПМ у цэнах сакавіка з 1 траўня па 31 ліпеня складзе 183,82 рубля на месяц. Пра такую пастанову  Міністэрства працы і сацыяльнай абароны перадае БЕЛТА.

У параўнанні з папярэднім БПМ, які дзейнічае з 1 лютага па 30 красавіка, новы павялічыўся на 2,1% (было 180,10 рубля). Павышэнне тлумачыцца ростам цэн на харчовыя тавары, якія ўваходзяць у мінімальныя наборы прадуктаў харчавання пражытковага мінімуму — малочную і плодаагароднінную прадукцыю, а таксама выдаткаў на ўнёскі і плацяжы. 

Змена БПМ паўплывае і на іншыя выплаты. У прыватнасці, з 1 траўня павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты асобам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе інваліда I групы або чалавека, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту. Вырастуць таксама дзяржаўныя дапамогі на дзяцей: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ, другога і наступных дзяцей — 14 БПМ; па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў — 1 БПМ; на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — 0,5 БПМ; на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем'яў — 0,5 БПМ, 0,7 БПМ; на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека — 0,7 БПМ.

З траўня па ліпень гэтага года БПМ працаздольнага насельніцтва складае 204,35 руб. (з 1 лютага па 30 красавіка — 198,63 руб.); пенсіянераў — 141,50 (цяпер — 138,80 руб.); студэнтаў — 178,66 руб. (175,24 руб.); дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 119,55 руб. (116,83 руб.); дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 163,83 руб. (160,61 руб.); дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 201,05 руб. (197,40 руб.).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі