Мы ўбачылі, наколькі актыўна працуе беларуская апазіцыя — Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

За апошнія некалькі гадоў ва ўкраінскіх элітаў змянілася стаўленне да беларусаў. Пра гэта на Форуме Астрожскіх расказаў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Падаляк адзначыў, што сярод высокапастаўленых беларускіх сілавікоў ёсць грамадзяне Расіі: "То бок, сілавы блок Беларусі ў пэўнай ступені кантралюецца Расійскай Федэрацыяй. Усе гэтыя рэчы з 2022 года сталі значна больш вядомымі ва Украіне".

Таксама ён заявіў, што ў кіраўніцтве Украіны доўгі час не разумелі розніцы паміж беларусамі і расіянамі: "Я не буду сцвярджаць, што ў нас увогуле не было экспертаў, якія ведалі Беларусь. Але часам да прэзідэнта даходзілі людзі, якія расказвалі, што беларусы — гэта "мяккія" расіяне, з якімі можна дамовіцца праз карупцыю. Усё гэта паступова змянілася".

Потым, кажа ён, ва Украіне ўбачылі розніцу і даведаліся, што беларусы ваююць на баку ўкраінцаў супраць расіян. Таксама ўкраінскія эліты ўсвядомілі, што беларусы актыўна ўдзельнічаюць у трансфармацыі Усходняй Еўропы і гатовыя дапамагаць Украіне.

"Далей мы ўбачылі, наколькі актыўна працуе беларуская апазіцыя. І гаворка не толькі пра спадарыню Ціханоўскую. Гэта стала вялікім поспехам для беларускай апазіцыі і для тых людзей, якія прыйшлі да нас і пачалі працаваць тут", — канстатуе Падаляк.

Форум Астрожскіх праходзіць ва Украіне, у ім удзельнічаюць прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Польшчы, а таксама ёсць удзельнікі з Фінляндыі і Грузіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.