На рамонт гомельскага інтэрната аддадуць мільён долараў
Інтэрнат, які плануюць адрамантаваць / "Моцныя навіны"
У Гомелі сёлета плануюць пачаць рамонт пяціпавярховага інтэрната на вуліцы Уладзімірава, 37. На гэта плануецца выдаткаваць амаль 3 мільёны рублёў (каля 1 мільёна долараў). Адпаведны тэндар заўважыла на сайце закупак выданне "Моцныя навіны".
За гэтыя грошы плануецца памяняць у будынку ўсё — ад новай сантэхнікі і праводкі з маланкаадводам да навядзення прыгажосці на фасадзе і знутры. Памяняць мяркуюць вокны і дзверы, каналізацыю і сістэмы вода- і электразабеспячэння.
Пачаць капітальны рамонт плануюць у жніўні, а скончыць — у лютым 2027-га.
Дарэчы, інтэрнату ўжо 54 гады. Адзначаецца, што жыльцоў 114 пакояў на час рамонту высяляць з будынка не плануюць.
Паведамляецца, што грошы на рамонт возьмуць з мэтавых адлічэнняў грамадзян, частку вылучыць гарадскі бюджэт, а частку складуць "уласныя сродкі жыхароў".