На Алімпіядзе-2032 весляры будуць плысці па рацэ з кракадзіламі

Кракадзіл, ілюстрацыйнае фота

Кракадзіл, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Спаборніцтвы па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ на Алімпіядзе-2032 пройдуць на рацэ Фіцрой у аўстралійскім Ракгемптане. Там жывуць кракадзілы.

Мясцовыя ўлады заяўляюць, што пляцоўка паспяхова прайшла незалежную тэхнічную праверку і была ўхваленая. "Усё афіцыйна, падпісана і вырашана", — перадае Bild словы прэм'ера штата Квінсленд Дэвіда Крысафулі.

Яшчэ ў 2025 годзе больш за 500 весляроў прапаноўвалі перанесці спаборніцтвы ў іншае месца. Яны звярталі ўвагу на плынь, рызыку паводак ды іншыя асаблівасці ракі.

Пасля ўхвалення пляцоўкі ўлады пачнуць праектаваць неабходную інфраструктуру. Там абсталююць двухкіламетровую трасу з васьмю дарожкамі.

У Квінслендзе ўжо дзейнічае праграма кантролю за кракадзіламі, якая прадугледжвае выдаленне буйных або небяспечных жывёл.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.