Названы самы ўплывовы чыноўнік Беларусі. Магчыма, вы ўпершыню пра яго пачуеце

Уплывовасць вызначае не пасада, а магчымасць быць "мостам"

Уплывовасць вызначае не пасада, а магчымасць быць "мостам" / euroradio.fm

Як вызначыць уплывовасць людзей у беларускай уладзе? У новым даследаванні Цэнтр новых ідэй (ЦНІ) вырашыў вызначыць уплывовасць праз прызму сувязяў. Гэта не здагадкі пра сяброўства, а інфармацыя пра тое, хто з кім працаваў, вучыўся і гэтак далей.

Па вялікім рахунку, у даследаванні ўплывовасць разглядаецца з пункту гледжання “поціскаў рукі” — з якой колькасцю людзей можна звязацца і як часта можна выступаць у ролі пасярэдніка.

Лідарам рэйтынгу стаў Мікалай Латышонак — даўні памочнік Лукашэнкі “па агульных пытаннях”. Ён прыкметна апярэджвае і кіраўніка ўрада, і Віктара Лукашэнку.

Палітычны аналітык Юрый Дракахруст назваў Латышонка сярод “шэрых кардыналаў” у беларускай сістэме ўлады.

“Хто, што… Я не ўпэўнены, што ўсе ведаюць яго прозвішча. А ён першы [у рэйтынгу]. Ён найлепшы камунікатар, самы эфектыўны камунікатар. І сувязяў у яго, дарэчы, больш, чым у іншых”, — сказаў Дракахруст.

Назван самый влиятельный чиновник Беларуси. Возможно, вы впервые услышите о нём

На другім месцы ў рэйтынгу ўплывовасці апынуўся былы кіраўнік КДБ, а цяпер кіраўнік апарата Савета міністраў Валерый Вакульчык. На трэцім — цяперашні кіраўнік КДБ Іван Церцель. Замыкае рэйтынг з 17 самых уплывовых людзей у беларускай сістэме ўлады прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

“А калі заўтра [пачынаецца] транзіт? Ну, нехта можа разважаць, там будуць [удзельнічаць] сілавікі, у каго шмат зброі і гэтак далей. А так, уяўляецца, што самы галоўны рэсурс будзе ў гэтых 17 людзей. Таму што яны — масты, таму што яны звязваюць сістэму”, — дадаў Дракахруст.

Як адзначыў аналітык, узаемасувязь паміж уплывам і роляй брокераў — уласцівасць не толькі аўтарытарных сістэм. Дракахруст прывёў цікавы гістарычны прыклад: узлёт сям’і Медычы ў Фларэнцыі ў XV стагоддзі.

“Не за кошт таго, што яны былі самыя багатыя. Спачатку яны не былі самымі багатымі. Таму што яны ўсіх ведалі і ў іх было шмат сувязяў? Не, не таму. А чаму? Яны былі самымі эфектыўнымі брокерамі, самымі эфектыўнымі пасярэднікамі. Яны звязвалі тых, каго не звязваў ніхто іншы. І менавіта таму, што Медычы былі «мастамі», Медычы былі фактычнымі ўладарамі Фларэнцыі”, — сказаў Дракахруст.

Механізмы ўлады, паводле слоў Дракахруста, з таго часу змяніліся, але не так моцна.

У тым жа даследаванні ЦНІ прааналізаваў “руку Масквы” ў беларускай уладзе. Высветлілася, што члены беларускай уладнай эліты з расійскім следам у асноўным сканцэнтраваны ў сілавым блоку і не ўтвараюць паміж сабой сеткі, то-бок іх уплыў не такі вялікі, як можа падацца. Акрамя таго, пад расійскім следам лічыліся любыя сувязі ў РФ — і праца, і навучанне ў расійскіх ВНУ.

Назван самый влиятельный чиновник Беларуси. Возможно, вы впервые услышите о нём

Полная презентация нового исследования ЦНИ — в плеере ниже.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.