Суздальцаў: “Бэл прылятаў у Мінск не наконт іміджу. Гэта толькі прыкрыццё”

Маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў расказаў Еўрарадыё, чаму спецслужбы зладзілі ператрус у кватэрах і офісах незалежных журналістаў беларускіх СМІ, калі Расія перастане даваць грошы на падтрымку Лукашэнкі і навошта ў Мінск прылятаў Цімаці Бэл. Расію выкарыстоўваюць “уцёмную” ў гандлі з Захадам

Еўрарадыё: “Днямі ў незалежных беларускіх СМІ з’явілася інтэрв’ю з былым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі, зараз незалежным палітолагам Андрэем Саннікавым, дзе ён сцвярджае, што, ідучы на разрыў адносінаў з ЗША і Еўрасаюзам, Лукашэнка рыхтуе Беларусь да “здачы” Расіі. Наколькі, на вашу думку, рэальна тое, што Беларусь у бліжэйшы час можа стаць яшчэ адной федэральнай акругай Расіі?”

Андрэй Суздальцаў: “Ніякіх планаў, ніякіх прапісаных дамоўленасцяў па інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі няма. Гэта ўсё вельмі брудная палітычная гульня. Гэта падман”.

Еўрарадыё: “І на што накіравана, на ваш погляд, гэтая гульня?”


Андрэй Суздальцаў: “А гэта накіравана на тое, што ніякага разрыву ўзаемаадносінаў паміж Захадам, ЗША і Мінскам няма, дакладней працягваецца вельмі цяжкі гандаль, дыялог. І беларускі бок адчувае дэфіцыт у сур’ёзнай аргументацыі, якая даказвала б неабходнасць захавання ва ўладзе рэжыму Лукашэнкі, якая б забяспечвала яму легітымны выхад на выбарах у 2011 годзе на 4-ы тэрмін, выкарыстоўвае знешні фактар: “Калі вы не ідзяце на саступкі – мы сыйдзем да Расіі”. Прычым Расію пра гэта не пытаюцца і выкарыстоўваюць “уцёмную”. Мы сядзім у Маскве і не ведаем, што намі яшчэ і гандлююць. На жаль, у гэтым яшчэ ўдзельнічае і апазіцыя, цалкам гуляючы на баку Лукашэнкі і дапамагаючы яму прадаваць сваю будучыню Еўропе”.

Еўрарадыё: “Разуменне Крамлём таго, што яго выкарыстоўваюць “уцёмную”, неяк адаб’ецца на ўзаемаадносінах з афіцыйным Мінскам?”

Андрэй Суздальцаў: “Ёсць вялізарная колькасць праблемаў паміж Масквой і Вашынгтонам, Масквой і Брусэлем. Беларуская тэма ў гэтым наборы да такой ступені мізэрная і несур’ёзная, што проста Масква на гэтыя рэчы не звяртае ўвагі. І, можа, правільна робіць. Бо гэта ўсё на ўзроўні выжывання асобных палітычных персонаў. А што тычыцца вашай апазіцыі, то скажу, што яны ўжо 14 год абяцаюць нам інкарпарацыю, хуткія рэферэндумы, уваходжанне ў склад Расіі, палохаюць гэтым Еўропу і адначасова Захадам, NАТО і размяшчэннем ракет палохаюць Расію. Балансуюць паміж дзвюма сіламі, нацкоўваючы іх адна на адну”.

Калі Захад зацікаўлены ў рэжыме Лукашэнкі, няхай ён яго і аплочвае

Еўрарадыё: “Вы кажаце пра нязначнасць беларускай тэмы для Крамля, а між тым Расія шмат грошай траціць на Беларусь і, складаецца такое ўражанне, такім чынам падтрымлівае кіруючы рэжым?”

Андрэй Суздальцаў: “Крэмль і Масква падтрымліваюць краіну. Ёсць 5-6 пазіцый, якія характарызуюць інтарэсы Расіі ў Беларусі. Незалежна ад таго, хто там знаходзіцца ва ўладзе. І галоўнае -- гэта тое, каб на транзітным шляху ў Еўропы не здарыўся сур’ёзны сацыяльна-эканамічны крызіс…”

Еўрарадыё: “Вы хочаце сказаць, што на сёння менавіта Лукашэнка з’яўляецца гарантам спакою?”


Андрэй Суздальцаў: “Часткова ён дагэтуль гарант. Бяда ў тым, што ён дрэнна спраўляецца са сваімі абавязкамі. І ўсё, што мае, выкарыстоўвае не на карысць краіны, а на захаванне свайго палітычнага ўладарання і для выхаду на 4-ы тэрмін. І праблема паміж Мінскам і Масквой таксама палягае ў гэтым. Тое, што аказваецца дапамога краіне, каб не было праблемаў з нашым энэргетычным транзітам, у Мінску гэта ператвараюць у рэсурс для захавання ўлады адным чалавекам. Зараз ідзе дыялог паміж Усходам і Захадам. Расіі паўдзельнічаць у гэтым дыялогу не прапаноўваюць. Прычым не прапаноўвае ні Захад, ні Мінск, які заяўляе, што ён саюзнік Расіі. Цудоўна! Але дыялог павінен быць кімсьці аплочаны. Па традыцыі мы ведаем, што ў выніку плаціць запатрабуюць Маскву. Мы не будзем аплочваць палітычныя камбінацыі рэжыму Лукашэнкі на заходнім напрамку! Калі Захад, Еўропа, Еўрасаюз так зацікаўленыя ў гэтым рэжыме, у дыялогу з ім – няхай 8 мільярдаў долараў, якія мы штогод аддаем гэтай краіне, бярэ гэтыя затраты на сябе”.

Еўрарадыё: “І калі ж у Расіі скончыцца цярпенне, і яна перастане траціцца на Беларусь?”

Андрэй Суздальцаў: “Яна ўжо скарачае падтрымку. Адначасна гэтага зрабіць немагчыма. Гэта азначае зрабіць там чорную дзірку і крызіс. І давядзецца зноў аказваць падтрымку, якой ужо спатрэбіцца значна больш. Але дапамога паступова скарачаецца, бо нармальнай інтэграцыі не атрымалася, Беларусь знаходзіцца ў эканамічнай аўтаркіі, капіталу расійскага там практычна няма -- 2 банкі і 25 адсоткаў “Газпромаўскіх” грошай у “Белтрансгазе”. Усё! Больш Расіі там нічога не прадаюць. Прадаюць каму заўгодна – туркам, аўстрыйцам, саудаўцам. Каму заўгодна, акрамя Расіі. Таму пытанне аб скарачэнні датацый вырашана ў снежні 2006 года. І гэта пазіцыя будзе ўтрымлівацца непахісна. Акрамя таго, у бліжэйшыя гады будзе вырашана пытанне аб вывадзе 2 пазасталых інфраструктурных вайсковых баз”.

Сур’ёзны палітычны дыялог паміж Лукашэнкам і Мядзведзевым немагчымы

Еўрарадыё: “Кажуць, што Мядзведзеў нават больш меркантыльны кіраўнік, чым Пуцін. Якім чынам гэта можа сказацца на ўзаемаадносінах з Беларуссю?”

Андрэй Суздальцаў: “Мяркую, што напачатку сітуацыя будзе згладжаная, як гэта і бывае падчас уваходжання новага чалавека ва ўладу. Трэба ўлічваць, што ідзе ратацыя кіруючых эліт Расіі, першая ў гісторыі. А гэта працэс вельмі складаны. Але ёсць ужо складзенае меркаванне кіруючага расійскага класу і расійскага палітычнага класу ў дачыненні да перспектыў супрацоўніцтва і ўзаемаадносінаў з Беларуссю. І гэтыя меркаванні любы прэзідэнт будзе ўлічваць. У прынцыпе, яны тактычна лаяльныя ў адносінах да народу і краіны і стратэгічна адмоўныя ў адносінах да рэжыму, што знаходзіцца ва ўладзе. Бо немагчыма весці сур’ёзны палітычны дыялог паміж першым прэзідэнтам Беларусі, які знаходзіцца ва ўладзе 3-і тэрмін, і 3-ім прэзідэнтам Расіі, які ва ўладзе 1-ы тэрмін”.

Казулін – штучна зроблены козыр для гандлю

Еўрарадыё: “Магчыма, вы ведаеце пра падзеі, якія адбываліся 25 і 27 сакавіка ў Беларусі. Напачатку міліцыянты вельмі жорстка разагналі шэсце з нагоды 90-х угодкаў з дня заснавання БНР, а потым спецслужбы правялі ператрусы ў кватэрах і офісах журналістаў незалежных СМІ. На ваш погляд, з чым гэта можа быць звязана?”

Андрэй Суздальцаў: “Гэта рэакцыя сілавых ведамстваў на дыялог паміж Захадам і Мінскам. Атрымалася, што частка вышэйшай кіруючай наменклатуры ўжо нармалёва “ўпісалася” у гэты дыялог з Захадам і адчувала там сябе вельмі ўпэўнена. А сілавікі апынуліся нікому не патрэбнымі. А яны выдатна разумеюць, што імі ў выніку разлічацца з Захадам. На іх зваляць усю віну за амаль 14 год тэрору. Імі будзе забяспечанае ўваходжанне Лукашэнкі ў палітычны ландшафт Еўропы. Гэта іх рэакцыя. Акрамя таго, вы звярнулі ўвагу на тое, што за некалькі дзён да гэтага разгону БТ нечакана раскрыла змову шпіёнаў амерыканскіх, якіх так і не знайшлі. Апынулася, што Беларускае тэлебачанне больш магутнае, чым спецслужбы. Гэта быў плявок у бок сілавікоў. Яны адказалі. А апазіцыя апынулася паміж двума жорнамі. Празаходні блок у кіраўніцтве Беларусі прывабліваў Захад выходзіць на іх і абяцаў, што ўсё будзе добра. А другі блок, які раптам апынуўся нікому не патрэбны, якім потым з Захадам разлічацца – сілавікі, – вырашылі, што калі так -- то мы ўсіх паб’ём”.

Еўрарадыё: “Да гэтага часу ў турме знаходзіцца палітвязень Аляксандр Казулін. Ці можна яго назваць казырнай картай у гандлі Лукашэнкі з Захадам?”

Андрэй Суздальцаў: “Можна. Праўда, гэту карту штучна зрабілі. Казулін -- нармальны палітычны дзеяч Беларусі, які пацярпеў за свае перакананні, годны чалавек. Яго свядома і Захад, і Мінск ператварылі ў культавую велічыню, якая з’яўляецца ключом да “разрульвання” узаемаадносінаў паміж Захадам і Мінскам. Для Захаду сам факт выхаду Казуліна на волю стане сведчаннем таго, што Беларусь стала на шлях дэмакратычных зменаў. А для Лукашэнкі, у выпадку абвастрэння ўзаемаадносінаў з Масквой, вызваленне Казуліна стане выхадам на заходні палітычны рынак, забяспечыць Лукашэнку падтрымку Захаду. І ён пачынае ўжо Маскву шантажаваць падтрымкай Захаду. Гэта вялікая трагедыя, бо чалавекам проста карыстаюцца”.

Еўрарадыё: “Як вы лічыце, навошта Лукашэнку спатрэбіўся самы вядомы іміджмэйкер Бэл?”

Андрэй Суздальцаў: “Ён прылятаў у Мінск не для гэтага, не наконт іміджу. Імідж – гэта толькі прыкрыццё. Там былі іншыя задачы, якія я не хацеў бы каментаваць. Але ўзнікла такое ўражанне, што там ёсць нейкія кантакты паміж Лукашэнкам і лонданскай групай расійскіх алігархаў. Узнікла такое адчуванне. Але не больш за тое”.