"Шмат народу, разгубіўся..." Як міліцыянты сведчаць у судах супраць пратэстоўцаў

"Шмат народу, разгубіўся..." Як міліцыянты сведчаць у судах супраць пратэстоўцаў

Суды над удзельнікамі "Марша недармаедаў" праходзяць як па шаблоне. Але часам здараюцца цікавыя і трагічныя дыялогі. Цікавыя — таму, што пратэстоўцы і іх адвакаты ловяць міліцыянтаў на супярэчнасцях, і яны вымушаныя выкручвацца. Трагічныя — таму, што на пакаранні, якія прысуджаюць удзельнікам акцый, гэта не аказвае ніякага ўплыву.

Гомель

Журналіст Мікола Бянько распавядае пра суд над пенсіянерам Уладзімірам Няпомняшчых:
— Ці бачылі вы бандытаў, якія мяне збівалі? — пытаецца ён у сарамлівага амапаўца Курбачова.
— Не, я быў у 30 метрах ад месца здарэння, — адказвае бамбіза.
— Як жа вы тады пачулі, што я брыдкасловіў?
— Раніцай ціха, таму і пачуў.
— А чаму ж не бачылі бандытаў, якія мяне збівалі?
— Раніцай цёмна...

"Шмат народу, разгубіўся..." Як міліцыянты сведчаць у судах супраць пратэстоўцаў
Уладзімір Няпомняшчых. Фота: радыё "Свабода"

Мінск

Судзяць Насту Ранько, паміж суддзёй і міліцыянтам адбываецца наступны дыялог.
— Ці бачылі вы Ранько падчас шэсця?
— Не.
— Калі вы ўбачылі яе?
— Калі яна сядала ў тралейбус.
— Чым быў закрыты яе твар?
— Ці то шарф, ці то маска — не памятаю.
— Якога колеру быў гэты прадмет?
— Не памятаю. Цёмнага.
— Куды ён падзеўся пасля затрымання?
— Не ведаю.

"Шмат народу, разгубіўся..." Як міліцыянты сведчаць у судах супраць пратэстоўцаў
Наста Ранько. Фота: "Фэйсбук".

Зачытваюцца тлумачэнні, якія міліцыянт даваў пасля затрымання дзяўчыны: "Падчас правядзення дэманстрацыі Ранько адмовілася выконваць мае законныя патрабаванні зняць маску з твару, у сувязі з чым была затрыманая".
— Давалі такія тлумачэнні? — працягвае суддзя.
— Даваў, — адказвае міліцыянт.
— Як вы можаце патлумачыць, што ў судзе вы сказалі, што не падыходзілі да яе падчас масавага мерапрыемства і нічога не казалі?
— Магчыма, падыходзіў...
— Навошта тады вы на судзе сказалі, што не падыходзілі?
— Многа народу, разгубіўся...

Сацыёлаг культуры Анастасія Ранько атрымлівае 12 сутак арышту.

Мінск

Суддзя пытаецца ў сведкі:
— Чаму вы не затрымалі парушальніка падчас акцыі, а зрабілі гэта толькі ў тралейбусе?
— Я не зацеў ствараць паніку падчас мерапрыемства... — адказвае міліцыянт.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска здараліся і іншыя "непаразуменні". Напрыклад, суддзя прапанавала амапаўцу-сведку паказаць у зале хлопца, якога ён затрымліваў. Той вагаўся недзе хвіліну. Іншы міліцыянт сказаў, што затрымліваў удзельнікаў акцыі 25 сакавіка.

"Многіх людзей затрымліваюць вельмі хутка, таму пратаколы часта пішуцца пад капірку. І ў судзе робіцца відавочным, што супрацоўнікі міліцыі чалавека не затрымлівалі, не бачылі, побач не стаялі, а проста паўтараюць нешта "навучанае". Калі задаваць прымітыўныя канкрэтныя пытанні: у што чалавек быў апрануты, як ён сябе паводзіў, што было побач? — яны пачынаюць "плыць". Але суды ўсё гэта праглынаюць. І тое, што даюцца "сінхронныя" прысуды: 12, 13, 15 сутак — указвае не тое, што гэта не меркаванне суддзяў, а замоўныя працэсы", — каментуе сённяшнія працэсы праваабаронца Наста Лойка.

На 18:00 16 сакавіка працэсы над удзельнікамі "Марша недармаедаў" працягваюцца. З раніцы суды не вынеслі па іх справах ніводнай апраўдальнай пастановы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі