Караеў абурыўся беларусамі, якія хочуць вялікі заробак
Юрый Караеў / "Пул 4 Регион"
Кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў абурыўся, што беспрацоўныя беларусы "ныюць", патрабуюць вялікі заробак, а інакш пагражаюць з'ехаць за мяжу. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні аблвыканкама, падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за 2025 год.
Чыноўнік заявіў, што такія людзі павінны "суфінансаваць сацыяльную базу".
"Наспела пытанне, чаму хтосьці лічыцца непрацуючым і карыстаецца сацыяльнымі выгодамі. Пры гэтым ад яго чуецца ныццё: "Дайце мне вялікі заробак, інакш я паеду ў Польшчу, у Літву ці ў Расію". Ну паехаў ты, у нас у эканоміцы ніяк не ўдзельнічаеш. Знайшоў сабе месца заробку —будзь ласкавы суфінансаваць сваю сацыяльную базу. Як кажа кіраўнік дзяржавы, мы павінны жыць так, як працуем", — сказаў Караеў.
Згодна з беларускімі нормамі, каб не лічыцца "дармаедам", трэба фактычна пражываць у Беларусі, выязджаючы за мяжу не больш як 30 дзён на працягу аднаго квартала. Выключэнне складае толькі выезд за мяжу на лячэнне або аздараўленне. Пры гэтым праца ў краінах ЕАЭС не лічыцца "дармаедствам" толькі пры наяўнасці працоўнай дамовы або кантракту.
Людзі, залічаныя ў базу "дармаедаў", аплачваюць некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў — ацяпленне, падагрэў вады і газ.