Сабекошт на ацяпленне ў тры разы большы за эканамічна абгрунтаваныя выдаткі

"Каля 10% кошту ацяплення пакрываюць беларусы", — адказваюць Еўрарадыё супрацоўнікі Міністэрства ЖКГ падчас прэс-канферэнцыі. І нават паказваюць прыблізныя разлікі ведамства.

Еўрарадыё сфатаграфавала гэныя разлікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сапраўды — на 27,5% пакрываем выдаткі за тэхабслугоўванне, на 67% — за абясшкоджванне смецця. Меней за ўсё — ацяпленне!

Сёння 1 гігакалорыя цяпла каштуе мне каля 70 тысяч рублёў, ёсць эканамічна абгрунтаваныя выдаткі (гэта выдаткі для прыватнікаў і юрыдычных асобаў) — 240 тысяч рублёў за гігакалорыю. Атрымліваецца, пакрываем 30%, а не 10%! 

Але аказваецца, ёсць яшчэ і нейкі сабекошт! І гэты сабекошт, да прыкладу, за  ацяпленне ў тры разы большы за эканамічна абгрунтаваныя выдаткі!

"Як такое можа быць?" — пытаецца Еўрарадыё ў чыноўнікаў.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі мне тлумачаць, што такое эканамічна абгрунтаваныя выдаткі.

“Гэта тарыф, гэта не сабекошт. Тэарэтычна, тарыф — сабекошт плюс прыбытак. Але ў нас тарыф так рэдка пераглядаецца, што ён ужо ніжэй за сабекошт. Тарыфы прымаюцца ўрадам. Першы раз, калі тарыф эканамічна абгрунтаваны устанаўлівалі, бралі двайны тарыф ад тарыфу насельніцтва, а потым павышаўся, наколькі можна! У нас ніхто з прыбыткам не ўстанаўлівае”, — кажуць у міністэрстве.

Але газ для Беларусі не даражэў! З чаго тады тарыфы на ацяпленне растуць мо трэці раз за год?

“…газ патаннеў, і сабекошт знізіўся, але ў супастаўных умовах. Калі толькі газ патаннеў! Але вада для вырабу энергіі не патаннела, энергія не патаннела, заробкі таксама трэба павысіць, каб не засталіся ў нашай краіне ніжэй”, — кажуць Еўрарадыё ў міністэрстве. 

Тут тлумачаць, што лічыць пакрыццё камунальных паслуг трэба ад сабекоштаў, а не ад эканамічна абгрунтаваных выдаткаў!

На пытанне Еўрарадыё, ці будзем, згодна з планамі Саўміна, у 2015 года аплачваць 100% ад камуналкі па гэтых сабекоштах, атрымліваю такі адказ:

“Да гэтага яшчэ трэба дажыць”, — кажуць у ведамстве.

Але калі беларусы і сапраўды будуць аплачваць 100% ад сабекоштаў, дык толькі ацяпленне аднапакаёўкі (на снежань 2012 года было выдаткавана 1,2 гігакалорыі) атрымаецца каля мільёна!

Але сабекошты большыя не толькі за ацяпленне, але і за тэхабслугоўванне, ваду і астатнія камунальныя плацяжы! Да прыкладу, тэхабслугоўванне аднапакаёўкі ў 33 квадраты пацягне на 59895 рублёў, за карыстанне ліфтам — 20 000 рублёў і  норма вады ў 4,2 кубы — 45 561 рубель з дваіх прапісаных людзей.

Сёння ж у ацяпляльны сезон пасля падаражэння камуналка пацяжэла ў сярэднім на 95 тысяч.

"Аплата за камунальныя плацяжы з ўлікам падаражэння за "двушку" складзе каля 306 тысяч рублёў, без ацяплення — 213 тысяч рублёў", — прыводзіць сярэднія разлікі начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Эдмунд Грышкевіч.

За трохпакаёўку  ж (4 жыхары) давядзецца плаціць 423 тысячы, гэта на 130 тысяч больш, чым летам, і за аднапакаёўку (2 жыхара) — каля 200 (на 60 тысяч меней, чым летам).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі