Топ-5 незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты

5 месца. Артур Фінкевіч і Міхаіл Пашкевіч. Блізняты паняволі

З кандыдатаў па суседніх выбарчых акругах: Свіслацкай №94 і Каліноўскай №95 ― акруговыя камісіі зрабілі блізнятаў. Іх скаргі ЦВК разглядаў адну за адной. У абодвух несапраўднымі прызнаныя 62 подпісы, што складае аднолькавыя 17,7% ад колькасці правераных акруговай камісіяй. Заключэнне пра гэта давалі адны і тыя ж эксперты-крыміналісты з Ленінскага РУУС. Усё як пад капірку!

“Гэта можна заносіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, ― саркастычна заўважае сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Сяргей Калякін. ― Відавочна, што нормы выбарчага права выкарыстоўваюцца акруговымі камісіямі фармальна, для таго, каб адмовіць у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты тым, хто не падтрымлівае дзеючыя ўлады”.

4 месца. Анатоль Букас. Аўтамабільны магнат

Пачалося з таго, што Анатоль Букас проста падчас пасяджэння Цэнтрвыбаркама прызнаўся, што “па-шэраму” прадаў пабітую машыну.

“Даюць мне 3,5 мільёна за, па сутнасці, запчасткі. Яны сказалі: “Гэтая машына з’едзе ў Расію”. Хто адмовіцца? І я не адмовіўся! Гэта было ў студзені 2011 года, я тады і не думаў, што буду ўдзельнічаць у гэтых выбарах”.

Ніякімі дакументамі продаж не суправаджаўся, таму Букас вырашыў грошы не дэклараваць. Маўляў, на папярэдніх выбарах яго здымалі за тое, што ён пазначыў у дэкларацыі большы прыбытак, чым было насамрэч. Але акруговая камісія не проста даведалася пра здзелку, але знайшла прададзеную машыну і правяла яе ацэнку! Распавядае старшыня акруговай камісіі Барысаўскай выбарчай акругі №62 Васіль Бараннік:

“Аўтамабіль Audi A6 быў зняты з уліку 25 студзеня 2011 года з мэтай продажу. Вось рахунак-даведка ад мінскай фірмы “Лукулус”, якая працуе на Ждановічах. У ёй указаны кошт аўто ― 10 мільёнаў рублёў”.

Зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты могуць, калі памылка ў дэкларацыі не перавышае 20% ад гадавога прыбытку. 10 мільёнаў ― гэта больш, чым мог сабе “дазволіць” не задэклараваць Анатоль Букас. Абмеркаванне таго, ці з’яўляўся ён уласнікам машыны на момант гэтай ацэнкі, нагадвала праграму “Пусть говорят”. У выніку Цэнтрвыбаркам параіў незарэгістраванаму прэтэндэнту надалей здзяйсняць здзелкі толькі пры наяўнасці адпаведных дакументаў. І адхіліў яго скаргу.

3 месца. Аляксандр Мілінкевіч. Законы дыялектыкі

Колішні кандыдат у прэзідэнты Беларусі сабраў за сваё вылучэнне удвая больш подпісаў, чым трэба. Шкада, але колькасць не перайшла ў якасць. 66 подпісаў акруговая камісія забракавала, яшчэ 98 на розных падставах абвясціла несапраўднымі. Гэтага хапіла, каб зняць Мілінкевіча з выбарчай гонкі.

Большасць подпісаў прызнала несапраўднымі экспертыза, праведзеная ў Першамайскім РУУС. Сяргей Калякін кажа, што адказ крыміналіста ніяк не можа быць скарыстаны супраць Мілінкевіча:

“Ён вам адказвае: высветліць, адна ці некалькі асобаў запаўнялі графы падпісных аркушаў, немагчыма праз недастатковы аб’ём графічнай інфармацыі, што змяшчаецца ў подпісах, абумоўленай сцісласцю і хуткасцю пастраення. Гэта ўсё, што можна юрыдычна ўзяць з гэтай экспертызы”.

Але той жа Калякін кажа, што падпісныя аркушы за Аляксандра Мілінкевіча аформленыя нядбайна. Гэта і стала адной з прычынаў “правалу” прэтэндэнта.

“...І незавярэнне сябрамі ініцыятыўнай групы падпіснога аркушу”, ― заканчвае пералік прэтэнзіяў да подпісаў прадстаўніца ЦВК.

“Не можа такога быць!” ― абураецца Юрый Меляшкевіч, якому палітык даручыў прадстаўляць свае інтарэсы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

“Можа, ― адразу ж адгукаецца эксперт Цэнтрвыбаркама. ― Брак дапусціў якраз кіраўнік ініцыятыўнай групы Меляшкевіч…”

2 месца. Аляксей Хадоркін. Лекарская памылка

Шкада, але доктар Хадоркін не з’явіўся на разгляд сваёй скаргі. Іначай ― хто ведае ― можа і пераканаў бы Цэнтрвыбаркам. А так… Скарга Аляксея Хадоркіна была адхіленая з абурэннем.

“Да такой ступені агідныя падпісныя аркушы былі прадстаўленыя ў акруговую камісію… Проста сорамна было за яго, ён жа медыйная асоба, яго ўсе ў Беларусі ведаюць! 206 подпісаў мы выкраслілі проста праз тое, што яны не правяраліся. Чальцы ініцыятыўнай групы недакладна ўказвалі акругу, у якой працавалі… Пачалі правяраць… Тут не толькі смяяцца, тут трэба плакаць. Да праверкі подпісаў на сапраўднасць нават не дайшло!

Мы запрашалі яго паглядзець на падпісныя аркушы, але ён зацыкліўся на тым, што яго здымаюць з выбараў за несапраўдныя подпісы. І нават слухаць не стаў!”, ― распавядае прадстаўніца акруговай камісіі Грушаўскай выбарчай акругі №98, па якой праходзіць (а дакладней, праходзіў) Аляксей Хадоркін.

1 месца. Аляксандр Салоп. Крымінальнае чытво

Сярод сотні аркушаў з подпісамі, якія сабраў індывідуальны прадпрымальнік са Слуцка Аляксандр Салоп, акруговая выбарчая камісія знайшла адну ксеракопію. 14 подпісаў на гэтай падставе прызналі несапраўднымі. Яшчэ 20 подпісаў падчас першай праверкі забракавалі з іншых прычынаў. Акруговая камісія правяла другую праверку і не зарэгістравала Салопа кандыдатам у дэпутаты.

"Сябры акруговай камісіі ціснуць на тых, хто падпісаўся за мяне. Людзі баяцца згубіць працу, таму пагаджаюцца падпісаць тое, што ім даюць!" ― каментуе вынікі праверкі Салоп падчас разгляду скаргі ў ЦВК.

Сяргей Калякін заўважае, што прэтэндэнту на дэпутацтва няма ніякага сэнсу здаваць ксеракопіі подпісаў замест арыгіналаў: “Што ён, такім чынам хацеў паставіць пад сумнеў сваю рэгістрацыю? Відавочна, што падобнымі маніпуляцыямі з падпіснымі лістамі можна штучна зняць з выбарчай кампаніі любога кандыдата”.

Нечакана заступаюцца за Салопа і эксперты Цэнтрвыбаркама:

“Ёсць тры падпісныя аркушы — №64, №66 і №67. Аркуш №64 ― ксеракопія. Адзін яго бок зроблены з дапамогай аркуша №66, а другі ― з дапамогай аркуша №67. Агулам акруговая камісія прызнала несапраўднымі 34 подпісы падчас першай праверкі. Але ксеракопіі подпісаў нельга прызнаваць несапраўднымі подпісамі. Бо подпісамі ― сапраўднымі ці не ― прызнаюцца толькі арыгіналы. Гэты ліст трэба лічыць адсутным”.

Калі гэты ліст ― не несапраўдны, а адсутны, колькасць несапраўдных подпісаў, выяўленых падчас першай праверкі, робіцца меншай за 15%. Падставаў для другой праверкі няма, Аляксандра Салопа трэба рэгістраваць!

Слова бярэ сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік: “Са Слуцка нам паступіла некалькі тэлефанаванняў з пытаннем: “Каго вы вылучаеце ў дэпутаты?” Казалі ледзь не тое, што ў парламент ідзе злачынца! І хаця ЦВК вылучэннем кандыдатаў у дэпутаты не займаецца, я звярнуўся па даведку пра Аляксандра Салопа ў слуцкую міліцыю. І атрымаў адказ, з пячаткай і подпісам супрацоўніка, які яго рыхтаваў”.

За плячыма Аляксандра Салопа некалькі судовых прысудаў за ўгон аўтамабіляў і перабіванне нумароў. Але на цяперашні момант судзімасць з яго знятая, і ён мае права балатавацца ў дэпутаты. Сяргей Калякін звяртае ўвагу на тое, што Мікалай Лазавік не мае права весці агітацыю супраць Аляксандра Салопа. Віктар Сакалоў з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці адказвае на гэта, што "не хацеў бы, каб такі чалавек вырашаў яго лёс і лёс яго дзяцей у парламенце".

Сябра ЦВК з правам дарадчага голаса ад АГП Віктар Карняенка адказвае: “А я, напрыклад, не хачу, каб нашай краінай кіраваў той прэзідэнт, які ёю кіруе. Але хто даў нам зараз права ладзіць тут суд над Салопам?”

Сябра ЦВК з правам дарадчага голаса ад Партыі БНФ Ігар Лялькоў спрабуе вярнуць Цэнтрвыбаркам у прававое поле: “Давайце адкінем эмоцыі і падыдзем да пытання фармальна. На маю думку, у ЦВК няма законных падставаў не задаволіць скаргу Аляксандра Салопа”.

Аля старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заклікае не адкідаць эмоцыі. З аднаго боку — патрабаванні закона, кажа яна. ЦВК мусіць прымаць юрыдычна абгрунтаваныя рашэнні, а законных падставаў адмовіць Аляксандру Салопу па выніках праверкі актаў акруговай камісіі не знойдзена. “Але іншы бок справы — маральны”.

На галасаванне выносіцца прапанова Лазавіка пра тое, каб пакінуць рашэнне акруговай камісіі ў сіле. 9 чалавек галасуе “за”. Супраць толькі Лідзія Ярмошына!

Такім чынам, Цэнтравыбаркам адхіліў скаргу Аляксандра Салопа, хаця і прызнаў, што не мае для гэтага законных падставаў. Акрамя адной: “Такі чалавек не можа быць дэпутатам!”

Цягам трох дзён незарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты могуць абскардзіць рашэнні ЦВК у Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі