Хроніка тэракту на станцыі "Кастрычніцкая"

18 красавіка 11.38. У лякарнях знаходзяцца 142 пацярпелых ад выбуху ў мінскім метро

У цяжкім стане знаходзяцца 20 чалавек, сярэдняй ступені цяжкасці — 21, лёгкай ступені — 101 чалавек.

 

18 красавіка 09.57. Life News паведамляе імёны магчымых арганізатараў выбуху

Life News піша, што выбух арганізавалі аднакласнікі з Віцебска 25-гадовыя Дзмітры Канавалаў і Улад Кавалёў, а таксама нейкі 28-гадовы Мядзведзеў.

 

15 красавіка 12.17. Мінрайвыканкам акажа дапамогу ў арганізацыі пахаванняў 13-й ахвяры тэракту

"Па жаданні родных Анатоль Іванавіч Макейчык будзе пахаваны ва Уздзе заўтра ці паслязаўтра", - сказалі ў райвыканкаме.

 

15 красавіка 07.51. З 15 красавіка арганізуюць збор грошай для пацярпелых праз тэлефанаванні

Лінія для збору сродкаў у дапамогу пацярпелым ад тэракта ў метро будзе працаваць ў кругласутачным рэжыме з 10.00 15 красавіка да 20 красавіка.

Па ўваходным тэлефанаванні на гэтую лінію грамадзяне будуць пералічваць на дабрачынны рахунак 2 тысячы рублёў. 
Каб пералічыць грошы, трэба ў названыя тэрміны набраць нумар 8-810-055-03-03 (поўнасцю 11 лічбаў) на стацыянарным тэлефоне ў Беларусі.

 

15 красавіка 06.29. Генпракуратура: Матывам тэрарыстаў было масавае забойства людзей

Пра гэта заявіў намеснік начальніка следчага упраўлення Генпракуратуры Максім Воронін ў эфіры тэлеканала АНТ.

 

15 красавіка 05.11. Каб узяць паказанні, чакалі, калі галоўны падазраваны ў тэракце працверазее

Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі ў эфіры тэлеканала ОНТ.

Паводле яго слоў, гэты чалавек прыехаў на станцыю "Кастрычніцкая", сеўшы на станцыі "Фрунзенская". Каб яго знайсці, міліцыя працавала ў тым ліку з таксістамі ў гэтым раёне. Менавіта каля "Фрунзенскай" ён і яшчэ двое здымалі кватэру. Месца знаходжання падазроных устанавілі, калі "вялі" аднаго з іх з магазіна, дзе той купляў спіртное

 

14 красавіка 10.15. З клінік Мінска выпісаны 13 пацярпелых ад выбуху

Па дадзеных на 14 красавіка ў лякарнях знаходзяцца 160 чалавек. З іх у цяжкім стане - 27, сярэдняй ступені цяжкасці - 34, лёгкай ступені - 99.

 

14 красавіка 09.27. Расійскія псіхолагі дапамаглі 140 пацярпелым пры выбуху ў Мінску

З іх 58 чалавек патэлефанавалі на тэлефон "гарачай лініі".

 

14 красавіка 08.50. Праца метро цалкам адноўлена пасля тэракту

Аднавіла працу, у тым ліку, станцыя метро "Кастрычніцкая", на якой адбыўся выбух.

 

14 красавіка 06.22. Адменены рок-канцэрт у гродзенскай кірсе

Забаўляльныя пастаноўкі і фільмы на пазнейшы час перанеслі драматычны і лялечны тэатры, кінатэатры.

 

14 красавіка 06.08. Пацярпелы ў метро расіянін выпісаны з лякарні

Пра гэта масквіч Раман Караханаў, студэнт Беларускага інстытута правазнаўства, сам паведаміў журналістам.

 

14 красавіка 05.54. Сёння адновіць працу станцыя метро "Кастрычніцкая"

Прыпынак на станцыі "Кастрычніцкая" учора быў закрыты. З усімі прыпынкамі першая лінія пачне працаваць з 5.00 раніцы 14 красавіка.

 

13 красавіка 16.38. Ад выбуху на "Кастрычніцкай" пацярпелі 8 замежнікаў

У выніку тэракту ў мінскім метро былі шпіталізаваныя 8 замежных грамадзянаў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.

 

13 красавіка 15.37. Пацярпелыя ад тэракту атрымаюць бясплатную прававую дапамогу

Адпаведны загад выдаў Мінюст 12 красавіка на падставе Закона Беларусі "Аб барацьбе з тэрарызмам"

 

13 красавіка 14.43. За мінулыя суткі з лякарняў выпісалі 12 пацярпелых ад тэракту

Стан цяжкіх хворых, якія пацярпелі ад выбуху ў мінскім метро, паляпшаецца.
 

13 красавіка 14.31. 14 красавіка адновіць працу Маскоўская лінія мінскага метро

Пра гэта журналістам паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

"Паўсталі дадатковыя тэхнічныя пытанні, таму на суткі адкрыццё першай лініі метро затрыманае. Але заўтра зранку а 5 гадзіне рух на першай лініі будзе адноўлены", — сказаў мэр сталіцы.
 

13 красавіка 13.42. Аляксандр Лукашэнка заявіў пра разкрыццё тэракту

"Сёння ў пяць гадзін раніцы злачынства было раскрыта", — заявіў ён 13 красавіка, выступаючы па беларускім тэлебачанні.
 

13 красавіка 12.36. У Дзень жалобы ў беларускіх касцёлах моляцца за ахвяраў тэракту ў метро

Ва ўсіх беларускіх касцёлах сёння адбываюцца малітвы за памерлых і пацярпелых у выніку тэракту.

13 красавіка 11.52. Ва ўправе Партыі БНФ праходзіць збор сродкаў у падтрымку пацярпелых

У сувязі з жалобай па загінулых у офісе Партыі БНФ перанесены запланаваныя творчыя сустрэчы.

13 красавіка 10.32.  Адзін з двух затрыманых падцвердзіў, што з'яўляецца выканаўцам тэракту

Пра гэта паведаміў 13 красавіка журналістам намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед, кіраўнік групы па расследаванні тэракту.

 

13 красавіка 07.54. 13 красавіка аб'яўлены Днём смутку па загінулых у мінскім метро

Такое рашэнне прыняў Мінгарвыканкам.

Да канца тыдня будуць адмененыя ўсе забаўляльныя мерапрыемствы ў сталіцы. Пра гэта ўчора заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.
 

13 красавіка 05.21. 13 красавіка адбудуцца першыя пахаванні загінулых у выніку выбуху ў метро

Як паведаміў дырэктар "Спецкамбіната КБА" Мікалай Ракевіч, хаваць будуць на могілках Калодзішчы, што месцяцца ў вёсцы Глебкавічы Мінскага раёну.
 

12 красавiка 20.26. Усе 12 загінулых у выніку тэракта ў мінскім метро апазнаныя, паведамілі БЕЛТА ў Мінгарвыканкаме.

Загінулі Абражей Наталля Валянцінаўна (дата нараджэння — 06.11.1966), Шагойка Ганна Віктараўна (09.10.1954), Капцюх Раман Васільевіч (16.03.1990), Наркевіч Анатоль Уладзіміравіч (03.06.1959), Парфунцаў Аляксандр Яўгенавіч (21.03.1954), Захаркова Таццяна Ігараўна (20.11.1968), Клімец Юрый Аляксандравіч (04.05.1987), Пікулік Галіна Іванаўна, Герасімчык Сяргей Анатольевіч (17.07.1993). Яны былі зарэгістраваныя ў Мінску. Сярод загінулых — Салаўёва Вольга Эдуардаўна (1983 г.н., Баранавічы), Бакан Віталь Сяргеевіч (1977 г.н., Мінская вобл., Любанскі р-н), Сярбаеў Сяргей Уладзіміравіч (04.11.1988, Мінская вобл., Пухавіцкі раён, пгт  Праўдзінскі).

 

12 красавiка 19.22. Пацярпелым ад выбуху выплацяць ад 20 да 100 базавых велічынь

Размеркаваннем выплат будзе займацца спецыяльная камісія, створаная пры Мінгарвыканкаме.

 

12 красавiка 18.57. Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала абноўлены спіс пацярпелых у часе тэракта ў мінскім метро.

У размешчаным на сайце МУС спісе 192 прозвішчы.

 

12 красавiка 18.21. Псіхолагі МНС Беларусі і Расіі ў сувязі з тэрактам у метро пачалі сёння аказваць прафесійную дапамогу па тэлефоне.

Па тэлефонах у Мінску (+375-17) 209-27-36 і 209-27-58 ўжо дзяжураць спецыялісты беларускага выратавальнага ведамства.

 

12 красавiка 18.00. У сувязі з трагічнымі падзеямі на станцыі метро "Кастрычніцкая" беларускае грамадства стала кансалідавацца для правядзення акцый памяці і салідарнасцi

Рахунак мінскага гарвыканкама:

аддз. 539 ААА "Белінвестбанк", № 3642740104035 код 739.

Рахунак Беларускага Чырвонага Крыжа:

БОКК 3015741262011, аддзяленне №539 в ААА "Белинвестбанк", г. Минск, код 739, УНП 100511893, ОКПО 37384923, БИК (МФО) 153001739 з пазнакай "Выбух у метро". 
Грошы можна аддаць Алене, ініцыятарцы збору грашовай дапамогі ў Гомелі з 19.30 да 22.00 па адрасе Прывакзальная пл, 4, 3 паверх, тэлефон +375-29-8380470      

Ускладанне кветак і запальванне свечак:
12 красавіка 19:00, Мінск, каля тэатра Я.Купалы.
12 красавіка 18:00, Мінск, Кастрычніцкая плошча.

12 апреля 17:56, Брэст, Плошча Леніна. (падзея ў Кантакце)
12 красавіка 17:55, Магілёў, нулявы кіламетр (падзея ў Кантакце)

12 красавіка 18:00, Масква, амбасада Беларусі, Армянский пер. 6 (падзея ў Кантакце)

12 красавіка 19:00 (польскі час) Варшава, амбасада Беларусі

12 красавіка 19:00 (польскі час) Торун

 

12 красавiка 17.57. Хаваць загінулых у метро будуць на могілках Калодзішчы

Першыя пахаванні загінулых у выніку выбуху ў Мінскім метрапалітэне адбудуцца 13 красавіка.

 

12 красавiка 17.13. КДБ паведаміў версіі прычын тэракту

Іх тры: дэстабілізацыя становішча, помста экстрэмісцкіх арганізацый і дзеянні нездаровага чалавека.

 

12 красавiка 15.45. З мінскіх лякарняў пачалі выпісваць пацярпелых у метро

Пра гэта паведаміў журналістам галоўны доктар Мінскай лякарні хуткай дапамогі Віктар Сірэнка.

 

12 красавіка ў 14.00. "Купалаўская", закрытая напярэдадні праз выбух на суседняй "Кастрычніцкай", прыняла першых пасля тэракту пасажыраў.

 

12 красавiка 13.58. Спецслужбы выявілі 13 распаўсюджвальнікаў чутак пра тэракты ў Мінску

ГУУС Мінска раней паведаміла, што вінаватым у распаўсюдзе чутак пра тэракт пагражае да пяці гадоў зняволення.

 

12 красавiка 13.45. Брэсцкую актывістку Людмілу Дзянісенка выклікалі ў КДБ у сувязі з тэрактам

Дзянісенка: "Я першая з брэсцкіх кіраўнікоў партыйных структур, каго выклікаюць з нагоды выбуху ў Мінску. Думаю, што я не апошняя".

 

12 красавiка 13.43. Life News размясціў фотаробат тэрарыста з мінскага метро

Са спасылкай на МУС Беларусі рэсурс сцвярджае, што выбух здзейсніў мужчына сярэдняга роста, у сінім капялюшы. Прэс-служба МУС гэтую інфармацыю не пацвярджае.

 

12 красавiка 13.33. Мінгарвыканкам выдзеліць сем'ям загінулых па 10 тысяч долараў

Акрамя таго сем'ям загінулых будзе аказана дапамога ў арганізацыі пахаванняў.

 

12 красавiка 13.03. Актывістаў пачалі выклікаць на размовы пра выбух у метро

Правабаронцы заклікаюць праваахоўныя органы, якія займаюцца расследаваннем трагедыі, не нагнятаць у грамадстве атмасферу падазронасці і страху.

 

12 красавiка 12.21. Па падазрэнні ў дачыненні да тэракту затрыманы некалькі чалавек

Пра гэта паведаміў 12 красавіка намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед — кіраўнік аператыўнай групы, якая займаецца расследаваннем выбуху.

 

12 красавiка 12.13. Метро Мінска ў чацвер цалкам адновіць працу

"У чацвер у 14:00 будзе адкрыта станцыя "Кастрычніцкая", на якой адбыўся тэракт", — сказаў кіраўнік горада Мікалай Ладуцька.

 

12 красавiка 12.12. У КДБ пачалі выклікаць відавочцаў падзеяў выбуху

Студэнт Максім Леў быў на месцы здарэння адразу пасля выбуху і да самага вечара. Сёння з гэтай нагоды яго выклікалі ў КДБ.

 

12 красавiка 12.09. "Наша ніва" перадала супрацоўнікам КДБ копіі фота- і відэаматэрыялаў

"Ператрусу ў нас не было. Яны папрасілі падзяліцца фота- і відэаматэрыяламі ўчорашніх падзей. Мы перадалі ім копіі", — паведаміў супрацоўнік газеты.

 

12 красавiка 11.53. Генпракуратура папярэджвае пра адказнасць за паклёпніцкія публікацыі

"Генеральная пракуратура перасцерагае ўсіх, хто выкарыстоўвае трагічныя падзеі ў спекулятыўных мэтах, пра недапушчальнасць такіх дзеянняў і магчымай строгай юрыдычнай адказнасці ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам", — гаворыцца ў заяве Генпракуратуры, апублікаванай на яе афіцыйным сайце. 
 

12 красавiка11.40. Пацярпелым будзе прапанавана бясплатнае аздараўленне ў санаторыях

Пацярпелым ад выбуху ў метро будзе прапанавана бясплатнае аздараўленне ў санаторыях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў любы час у 2011 годзе.

Федэрацыя прафсаюзаў акажа неабходную матэрыяльную дапамогу і маральную падтрымку пацярпелым і сем'ям загінулых. Адпаведнае ўказанне атрымалі старшыні прафсаюзных камітэтаў арганізацый, дзе працуюць пацярпелыя. Прафкамы таксама акажуць дапамогу ў рашэнні побытавых пытанняў сем'ям тых, хто знаходзіцца цяпер на лячэнні ў лякарнях. ФПБ выдзеліць неабходныя фінансавыя сродкі для гэтых мэт, паведамляе БелаПАН.

 

12 красавiка 11.26. Мінская міліцыя абвяргае інфармацыю пра выбух у аўтобусе Мінску

"Хутчэй за ўсё, гэта чуткі", — заявіў прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама.

Мінская міліцыя абвяргае інфармацыю пра, нібыта, выбух у аўтобусе № 100 у Мінску. Праваахоўнікі называюць яе чуткамі. Таксама інфармацыю пра выбух абверглі у МНС і ў дыспетчарскай "Мінсктранс", паведамляе БелаПАН.

 

12 красавiка 11.08. Устаноўлена асоба яшчэ аднаго загінулага ў метро

Гэта выхадзец са Слуцка Клемец Юры Аляксандравіч, 1987 года нараджэння.

Ён прапісаны ў мінскім інтэрнаце па вул.Сурганава, 47, корп.4. Пра гэта паведаміў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Леанід Фармагей сёння на паседжанні ў Мінгарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

12 красавiка 11.08. Са спісу загінулых выключылі Карыну Андруковіч

З 12 ахвяраў тэракта ў мінскім метро апазначныя 8 чалавек. Са спісу загінулых выключылі Карыну Ігараўну Андруковіч, 1971 года нараджэння. Высветлілася, што яна жывая, інфармуе РІА Новости. У цяперашні час праваахоўныя органы працуюць над удакладненнем спісу пацярпелых.

 

12 красавiка 10.35. Міліцыя Мінска склала фотаробаты двух меркаваных тэрарыстаў.

"Мы склалі два фотаробаты па паведамленнях грамадзян, якія былі відавочцамі, звярнуліся і апісалі", — сказаў міністр. Па яго словах, падазраваныя — двое мужчын.

 

12 красавiка 10.27. У офіс "Нашай Нівы" прыйшлі супрацоўнікі КДБ

"Да вас ёсць пытанні", — заявілі яны.

Зараз размаўляюць з галоўным рэдактарам Андрэем Скурко.

У офісе пакуль знаходзіцца 9 супрацоўнікаў. Нікога не выпускаюць, паведамляе Наша Ніва.

 

12 красавiка 10.17. Група расійскіх лекараў вылецела ў Мінск

Група расійскіх лекараў сёння вылецела ў Мінск для аказання дапамогі пацярпелым пасля тэракту ў метро.
Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў міністэрстве аховы здароўя і сацыяльнага развіцця Расіі.

У брыгадзе расійскіх лекараў 6 чалавек: рэаніматолагі, нейрахірургі, траўматолагі, якія маюць досвед працы ў надзвычайных сітуацыях, у тым ліку пасля выбуху ў маскоўскім метро. Плануецца, што яны акажуць кансультатыўную дапамогу ў 3-й клінічнай лякарні Мінска, дзе знаходзіцца найбольшая колькасць пацярпелых. Таксама маскоўскія спецыялісты агледзяць трох расіян, пацярпелых пры выбуху ў Мінску.

 

12 красавiка 10.11 Падчас выбуху загінуў сын алімпійца Васіля Капцюха

Падчас выбуху ў мінскім метро загінуў сын вядомага айчыннага дыскабола, прызёра Алімпіяды Васіля Капцюха — Раман. Хлопцу было ўсяго толькі 21 год.

 

12 красавiка 10.10.  Да станцыі метро Кастрычніцкая няспыннай плынню ідуць людзі, яны нясуць кветкі, паведамiў карэспандэнт Еўрарадыё Ілля Маліноўскі.

Таксама яны стаяць лампадкі.

 

12 красавiка 10.07. Спецыялісты ФСБ Расіі прыбылі ў Мінск

Як удакладнілі ў КДБ, у Мінск прыбылі два эксперты-крыміналісты, сярод якіх начальнік спецыяльнай крыміналістычнай лабараторыі ФСБ.

 

12 красавiка  9.50. Апазнаныя 9 з 12 загінулых. 

 

12 красавiка  08.03. Мінскі метрапалітэн узяты пад узмоцненую ахову

 

Мінскі метрапалітэн ахоўваецца ўзмоцненымі нарадамі міліцыі. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў АУС па ахове мінскага метрапалітэна.

На ўваходах станцый другой лініі метро ("Аўтазавадская") у турнікетаў дзяжураць супрацоўнікі міліцэйскага спецназа, якія правяраюць торбы і пакеты ў людзей, якія уваходзяць у метро. Пры гэтым першая лінія метро ("Маскоўская") не працуе, а на станцыі "Купалаўская" другой лініі не ажыццяўляецца пасадка і высадка пасажыраў.

 

12 красавiка 07.50. Следства ўстанавіла найбольш верагоднага выканаўцу выбуху

 

Следства ўстанавіла найбольш верагоднага выканаўцу выбуху ў метро Мінска, у выніку якога загінулі 12 чалавек, паведамила РИА Новости , са спасылкай на КДБ Беларусі.

"Па стане на 1.00 у выніку аператыўна-следчых дзеянняў атрыманы дадзеныя ў адносінах да найбольш верагоднага выканаўцу выбуху. Вядзецца яго вышук", - гаворыцца ў паведамленні.

 

12 красавiка 06.28. На платформе ў выніку выбуху ўтварылася варонка дыяметрам каля метра

Разбурана перакрыцце таўшчынёй 30—40 см, часткова захавалася арматура.

На платформе станцыі "Кастрычніцкая" ў выніку выбуху ўтварылася варонка дыяметрам каля метра. Разбурана перакрыцце таўшчынёй 30—40 см, часткова захавалася арматура. Пра гэта сведчаць кадры відэаздымкаў з месца трагедыі падчас наведвання яго Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе БелаПАН.

 

12 красавiка 06.18. У Мінску 13 красавіка абвешчаны Днём жалобы

У сувязі з трагедыяй, якая адбылася ў мінскім метрапалітэне, у сталіцы серада абвешчана Днём жалобы. Такое рашэнне прыняў Мінгарвыканкам, паведаміла прэс-служба гэтага органа ўлады.

 

12 красавiка 06.06. У Мінску пакуль будзе працаваць толькі адна лінія метро

У беларускай сталіцы пасля выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" адна з дзвюх ліній мінскага метрапалітэна будзе часова зачынена, паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на беларускае дзяржаўнае тэлебачанне.

У штатным рэжыме пачне ў аўторак працу лінія метро "Аўтазавадская". Другая лінія — "Маскоўская", дзе на станцыі "Кастрычніцкая" 11 красавіка прагрымеў выбух, пакуль не будзе працаваць.

 

12 красавiка 05.33. ЦІГС КДБ паведамляе, што па стане на 2:30 загінула 12 чалавек, з іх 6 апазнана.

Па медыцынскую дапамогу звярнуліся 149 чалавек, з іх 22 ў цяжкім стане, 30 з траўмамі сярэдняй цяжкасці. Следства нібыта мае апісанне "найболей верагоднага выканаўцу" выбуху і зараз займаецца ягоным росшукам. У хуткім часе "па прапанове кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі" ў Мінск прыедуць эксперты з ФСБ. 

 

11 красавiка 22:30. Галоўны доктар 6-й лякарні выйшаў да сваякоў пацярпелых

Фота з 6-й лякарні, дзе дзяжурыць карэспандэнт Еўрарадыё.

 

 

 

11 красавiка 21.45. У Беларусі будзе абвешчаная жалоба.

 

11 красавiка 21.30. Апошняя інфармацыя. На гэты час загінулымі ў мінскім метро лічацца 11 чалавек. 128 — пацярпелі.

 

11 красавiка 21.17. На месцы выбуху працуе аб'яднаная следчая група. Пра гэта паведамляе беларускае тэлебачанне.
 

11 красавiка 21.00. Відавочца Арыф: Мы выбіраліся з метро па рэйках!

Распавядае Арыф, каля 20.30: “На момант выбуху я пад'язджаў на цягніку метро да станцыі “Кастрычніцкая” з боку Цэнтральнага вакзалу. Было яшчэ, можа, метраў 200-300 да станцыі, і ў гэты момант цягнік страсянула, а ў нас заклала вушы. Мы не зразумелі, што гэта выбух.   Людзі ціха сядзелі, бо ніхто не падумаў, што гэта выбух. Для нашай краіны гэта нонсэнс. Мы пачалі пад'язджаць да “Кастрычніцкай”. Там было цёмна. Тады ўсе зразумелі, што адбылося. Людзі з платформы стукалі ў вокны, у дзверы вагона. Нічога не відаць было, пыл стаяў. Паніка была. 

Людзі сядзелі і ня ведалі, што адбываецца. Нехта націснуў кнопку, папрасіў машыніста патлумачыць, што адбываецца. Адказалі: сядзіце ціха. Цягнік крануўся, паехаў далей на наступную станцыю.  Не даязджаючы метраў 300 да станцыі “Плошча Перамогі”, мы спыніліся і рухаліся назад па некалькі метраў. Потым машыніст цалкам спыніўся і сказаў, што зараз нас праінструктуе і мы будзем выходзіць самі па тунэлі. Праз пару хвілін ён зайшоў, сказаў, як ісці, якога боку трымацца, каб, не дай Бог, мы не закранулі рэйкі пад напружаннем. І патроху мы пачалі спускаць людзей, найперш жанчын і дзяцей з першага вагону.

Потым машыніст пайшоў у другі вагон, а мы рушылі наперад. Мы дайшлі да станцыі метро “Плошча Перамогі”. Там нас сустракалі і дапамагалі праз рэйкі перабрацца і вылезці наверх. Людзі былі спакойныя, толькі званілі родным і папярэджвалі, каб ніхто не заходзіў у метро".

Еўрарадыё: А ці можна ацаніць, колькі людзей было на платформе станцыі метро “Кастрычніцкая”, калі вы там у цягніку стаялі?

Арыф: "Ды на працягу нашага вагона яны стаялі сцяной. А далей я не бачыў. Звычайна я ў гэтым часе еду на гэтай станцыі метро. Але сёння я мусіў зайсці ў галоўпаштамт. Дык там вельмі шмат людзей у гэты час. Там было так цьмяна, што я нічога не бачыў, параненых таксама, а я яшчэ стаяў ля іншай сцяны вагона".

 

11 красавiка 20.32. На месца выбуху прыехаў Лукашэнка

Крыху пазней на станцыю "Кастрычніцкая" прыехаў кіраўнік МУС Куляшоў.

 

11 красавiка 20.30. Па інфармацыі беларускіх тэлеканалаў, МУС кваліфікаваў выбух у мінскім метро як тэракт
 

11 красавiка 20.10. Еўрарадыё складае спіс пацярпелых падчас выбуха ў мінскім метро
 

11 красавiка 19.40. Севярын Квяткоўскі, журналіст і літаратар: "Я зайшоў  у метро з боку універсаму "Цэнтральны" і аккурат ішоў у адной плыні людзей уніз.

А другая плынь ішла са станцыі "Купалаўская" таксама ўніз. І калі я падыходзіў да экскалатару, дзесьці за метр ад яго адбылося тое, што мне спачатку падалося хлапком. Людзі аўтаматычна прыселі, потым пачалі вяртацца. Адразу вельмі моцны дым. Людзі пабеглі назад – з лёгкай панікай. Хтосьці на станцыю метро "Купалаўская". Я выйшаў, я думаў, што гэта хуліганскі выбрык кшталту дымавой шашкі. Я вярнуўся, каб зняць на смартфон. Такі журналісцкі рэфлекс. І я пабачыў, як выносяць параненую ў нагу жанчыну. Я зразумеў, што справа сур'ёзная. Пасля пабачыў параненых у рукі.

Панікі ніякай не было. Усе пачулі моцны хлапок, але, пэўна, не ўсе людзі зразумелі, што гэта. Не было ўздрыгвання, не было закладання вушэй. Паваліў моцны дым, усё было ў дыме. Гэта быў канец рабочага дня, і там было тры плыні".
 

11 красавiка 19.15. Пацярпелых вязуць у Лякарню хуткай медыцынскай дапамогі, у 2-ю і ў 6-ю клінічныя лякарні ў Мінску. Папярэдняя інфармацыя: падчас выбуха каля 7 чалавек забіта, каля 75 паранена.

 

11 красавiка 18.50. Відавочцы распавялі Еўрарадыё пра тое, што сярод пацярпелых шмат параненых у ногі, раненні аскепачныя
 

11 красавiка 18.45. Па словах відавочцаў, выбух суправаджаўся моцным агнём. Па неправераных звестках, на станцыі быў (ці адбываецца зараз) моцны пажар.
 

11 красавiка 18.40. АМАП адціскае людзей ад уваходаў у метро. Станцыя "Кастрычніцкая" перакрытая, першая лінія метрапалітэна не працуе. Увесь праспект Незалежнасці ідзе дадому пешшу.
 

11 красавiка 18.30. На месцы выбуху — безліч карэтаў хуткай дапамогі, але і іх не хапае. З адной з машынаў вынеслі памерлага чалавека, каб замест яго пакласці і адвезці ў шпіталь параненага.

 

11 красавiка 18.15. Скрываўленыя людзі выходзяць з пераходаў

З-пад зямлі ідзе дым. Відавочцы кажуць пра тое, што на станцыі шмат параненых.
 

11 красавiка 18.10. У гарадскім упраўленні МНС інфармацыю пра выбух пацвердзілі
 

11 красавiка 17.56. На станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску адбыўся выбух

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі відавочцы падзеі. Прычыны здарэння пакуль невядомыя, на месца здарэння накіраваныя выратавальнікі. Ёсць пацярпелыя. Працуюць брыгады "хуткай дапамогі".