Літоўскі міністр павёз у Брусэль прапанову па “мяккіх” санкцыях

120322 Eurafokus.mp3

З чым паедзе 23 сакавіка на пасяджэнне Савета міністраў краін ЕС міністр замежных спраў Літвы, які ўзровень санкцый адносна Беларусі будзе прапаноўваць, вырашалі 21 сакавіка сябры камісіі па міжнародных справах Сейма гэтай краіны. Дэбаты цягнуліся амаль 4 (!) гадзіны. Па іх заканчэнні сябра камісіі Эгідыюс Варэйкіс не хаваў незадаволенасці.


Эгідыюс Варэйкіс: “Я вельмі ненавіджу слова “прагматызм”! Гэты “прагматызм”, як і іншае слова на літару “п” — злачынства! Прабач, Эмануэль (Эмануэль Зінгерыс, старшыня Камітэта па замежных справах Сейма Літвы. — Еўрарадыё), я сёння не буду стрыманым!”



І патлумачыў, у чым прычына яго абурэння.


Эгідыюс Варэйкіс: “Я прагаласаваў сёння разам з Зінгерысам за такія "мяккія" санкцыі і я думаю, што гэта дрэнна, што санкцыі мяккія — я за "цвёрдыя" санкцыі”.


Старшыня Камітэта па замежных справах Сейма Літвы Эмануэль Зінгерыс адмаўляецца падрабязней казаць Еўрарадыё, з чым на пасяджэнне Савета міністраў ЕС паедзе міністр замежных спраў Літвы. Маўляў, падпісалі паперы “аб неразгалошванні”.


Эмануэль Зінгерыс: “Узровень санкцый, які зараз будзе, магчыма, прапанаваны, ён будзе тычыцца асоб з бліжэйшага атачэння (кіраўніка Беларусі. — Еўрарадыё). Але вось наколькі гэта будзе адчувальна? Я не магу каментаваць нічога. Але па нашых магутнасцях, па магутнасцях Літвы, мы ўсё ж не Амерыка і не Кітай, але нейкія планкі мы трымаць будзем”.



Гэта азначае, што выступаць супраць любога пашырэння санкцый, а тым больш — за вывядзенне са спісу неўязных у ЕС кагосьці з прысутных там, да прыкладу, беларускіх бізнэсменаў, Літва не будзе. Але і падтрымліваць прыхільнікаў увядзення як мага больш шырокіх эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму не збіраецца. Прычыну тлумачыць віцэ-старшыня парламенцкай групы Сейма Літвы “За дэмакратычную Беларусь” Саўлюс Пячалюнас.


Саўляс Пячалюнас: “Бізнэс заўсёды ўплывае на палітычныя рашэнні, ён не можа не ўплываць — бюджэт нам не валіцца з неба. Дзякуючы тым адлічэнням, якія ідуць у бюджэт, дзяржава потым можа і ўсю сваю дзейнасць арганізоўваць. І таму — уплыў ёсць. Не прамы, але тыя, хто разумее лічбы, яны разумеюць гэтую мову. І супрацоўнікам міністэрстваў і ведамстваў гэта мова таксама зразумелая. Гэтую мову пераводзяць на мову палітычную і пасля пазіцыя краіны абмяркоўваецца ў парламенце і ва ўрадзе”.



Дарэчы, акурат 21 сакавіка ў Сейме Літвы праходзіў круглы стол, на якім абмяркоўваліся сённяшнія ўзаемаадносіны паміж ЕС і Беларуссю. Размовы з дыпламатычнага канфлікту паміж нашай краінай і ЕС амаль адразу перайшлі на абмеркаванне ўзроўню магчымага пашырэння санкцый ЕС супраць Беларусі. І калі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, якія прыехалі на сустрэчу з Беларусі, як Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Мілінкевіч ды іншыя, выступалі за пашырэнне візавых санкцый і, магчыма, увядзенне кропкавых эканамічных санкцый, то беларусы ў эміграцыі былі б не супраць больш жорсткай пазіцыі Еўрасаюза па гэтым пытанні.


Саўлюс Пячалюнас раіць падыходзіць да абмеркавання гэтага кроку без эмоцый.


Саўлюс Пячалюнас: “Трэба лічыць, глядзець: ці будзе ўздзеянне жаданае або будзе толькі паказуха — вось, мы нешта не набываем там, а набываем у іншай краіне. Але якая выгада будзе для нашай краіны і якое гэта будзе мець уздзеянне на беларускія ўлады?”


Але гэты прагматызм, лічыць Эгідыюс Варэйкіс, не вельмі добра характарызуе саміх літоўцаў у дадзенай сітуацыі. Калі даводзіцца абіраць паміж правамі чалавека і выгадай.


Эгідыюс Варэйкіс: “Свечачныя заводзікі” там (у Беларусі — Еўрарадыё), у некаторых там яшчэ нешта. І ў мяне ўзнікае пытанне: калі мы, людзі, якія лічаць сябе дэмакратычнай супольнасцю, у 2012 годзе не можам абыйсціся без Лукашэнкі, мы не можам абыйсціся — у нас, бачыце, бізнэс-інтарэсы, то гэта ўжо праблемы не Лукашэнкі — гэта нашы праблемы”.


І заўважае, што сёння для Еўропы выгадней чакаць, што Лукашэнка раптам сам вырашыць “дэмакратызавацца”, чым шукаць нейкія новыя шляхі змяніць сітуацыю. З калегай часткова пагадзіўся і Эмануэль Зінгерыс. Мала, лічыць палітык, ЕС робіць для дэмакратычнай Беларусі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі