Аб'явіўся збеглы з Бішкека Бакіеў: піша е-мэйлы і раздае інтэрв'ю

Часовы ўрад на чале з Розай Атунбаевай, які сфармавала апазіцыя, кантралюе чатыры паўночныя вобласці Кыргызстана, уключна з сталіцай. Паведамляецца, што пад ягоны кантроль перашгла міліцыя, войска і памежныя службы. За паўгода часовы ўрад плануе прыняць новую рэдакцыю Канстытуцыі і Кодэкс аб выбарах.
Роза Атунбаева, часовы лідэр Кыргызстана, былы міністр замежных спраў. Фота: VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images.
Расія фактычна падтрымала часовы ўрад – прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін паразмаўляў па тэлефоне з Розай Атунбаевай і заявіў, што Расія гатовая матэрыяльна дапамагчы Кыргызстану, паведаміў "Інтэрфакс". ЗША больш асцярожныя, але сына Бакіева Максіма на загадзя запланаваным форуме ў Вашынгтоне не прынялі.
"Я заяўляю, што як прэзідэнт не складаў і не складаю з сябе паўнамоцтваў", - адзначаецца ў е-мэйле кыргызскаму агенцтву "24", які выдаецца за афіцыйную заяву Бакіева. Ён называе падзеі "збройным пераваротам" і ў выпадку далейшай дэстабілізацыі кажа, што "лідэраў апазіцыі пакараюць па ўсёй жорсткасці закона". Апрача таго, Бакіеў даў шэраг інтэрв'ю замежным СМІ.
Часовы ўрад не выключае, што Бакіеў спрабуе арганізаваць супраціў на поўдні краіны.
Сітуацыя ў сталіцы Кыргызстана па-ранейшаму неспакойная: сёння на яго вуліцах абясшкодзілі другое выбуховае прыстасаванне. Большасць бішкекскіх міліцыянтаў на працу дагэтуль не выйшлі – яны апранутыя ў цывільнае і хаваюцца. Вуліцы гарадоў патрулююць народныя дружыны, абараняючы крамы і музеі ад марадзёраў.
Хлопчык на ровары насупраць разарабаванага марадзёрамі гандлёвага цэнтра. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.
Моладзь счапіла рукі, абараняючы будынак ураду ад марадзёраў. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.

7 красавіка грамадзяне паступова захапілі будынкі парламента, пракуратуры, тэлебачанне і пайшлі на штурм галоўнага будынка ўраду, дзе месціцца працоўны кабінет прэзідэнта.
Прыхільнікі апазіцыі на вуліцах Бішкека. Фота: VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images

Унутры будынку парламента. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.



Спалены будынак аддзелу ўнутраных спраў у сталіцы Кыргызстана. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.



Пратэстоўцы ў кабінеце прэзідэнта Бакіева ў цэнтральным будынку ўраду. Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko.
Унутраныя войскі паспрабавалі спыніць раззлаваны натоўп зброяй. Па сведчаннях кыргызскіх праваабаронцаў, на плошчы у людзей стралялі баявымі кулямі снайперы і аўтаматчыкі. Загінулі найменш 75 чалавек, больш за тысячу параненыя.
Фота: AP Photo/Ivan Sekretarev.



Два забітыя ў выніку сутычак з унутранымі войскамі ля будынку адміністрацыі кыргызскага прэзідэнта. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.



Супрацоўнікі ўнутраных войскаў бягуць ад раз'юшанага натоўпу. Фота: (VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images)


Паліцыя ў паніцы скочыць цераз плот. Фота: VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images.
Пратэстоўцы спачатку былі ўзброеныя толькі камянямі і "кактэйлямі Молатава", але падчас сутычак з ахоўнікамі правапарадку пазабіралі і агнястрэльную зброю. Вайсковымі грузавікамі абураныя грамадзяне ламалі вароты будынку прэзідэнта.
Унутраныя войскі пад атакай пратэстоўцаў. Фота: REUTERS/Vladimir Pirogov.



Унутраныя войскі пад шквалам камянёў. Фота: VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images.



Пратэстовец страляе ў ахоўнікаў будынку ўраду. Фота: VYACHESLAV OSELEDKO/AFP/Getty Images.

Кыргызская апазіцыя не задаволеная аўтарытарнымі метадамі кіраўніцтва Бакіева, карупцыяй і кланавасцю.
Бакіеў пад прыкрыццём правядзення рэформы дзяржаўнага кіравання ўзмацніў у краіне сваю ўладу. Пасля рэформы прэзідэнт стаў кіраваць усёй замежнай палітыкай, фінансамі краіны фактычна стаў запраўляць яго сын Максім, сілавым блокам – малодшы брат Жаныш. Яшчэ адзін брат Ахмет – бізнэсмэн, дэпутат гарадскога Савета Джалал-Абадскай вобласці (менавіта ў Джалал-Абад збег Бакіеў). Некаторыя называюць яго "ценевым губернатарам вобласці, адзначае інфармацыйнае агенцтва Фергана.ру.
Парадокс палягае ў тым, што сам Бакіеў прыйшоў да ўлады 5 год таму ў выніку так званай "цюльпанавай рэвалюцыі", выступаючы супраць карупцыйнасці мінулага прэзідэнта Аскара Акаева. Але не выканаў свае абяцанні.
"Тыя вынікі, што абвяшчала апазіцыя, не былі выкананыя. Таму зараз усё больш расчаравання ў тых падзеях. І калі будзе такое самае праўленне як пры Акаеве, то можа здарыцца падобнае", - напрарочыў лёс рэжыма Бакіева год таму кіргізскі палітолаг Марат Казакпаеў у інтэрв'ю тэлеканалу "Стан-ТВ".
Дарэчы, усяго тыдзень таму гэты канал патрапіў пад зачыстку бакіеўскім рэжымам няўгодных СМІ – фінансавая паліцыя абвінаваціла журналістаў у тым, што яны карысталіся неліцэнзійнымі камп’ютарнымі праграмамі.
За мінулыя месяцы ўлады зачынілі ў краіне шэраг апазіцыйных газет, заблакавалі мясцовыя і міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы. Шэраг вядомых журналістаў ды апазіцыянераў былі жорстка пабітыя і нават забітыя невядомымі. Апазіцыя вінаваціла ў гэтых выпадках улады.
Будаўніцтва жорсткай вертыкалі і метады працы з апазіцыяй і СМІ былі паспяхова перанятыя Бакіевым у суседніх краін Цэнтральнай Азіі – Узбекістана, Туркменістана і Таджыкістана, адзначае Фергана.ру.
Каманда Бакіева пераацаніла свае сілы пасля яго ўпэўненай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2009 года. Афіцыйна ён займеў больш за 70%, але незалежныя назіральнікі заявілі, што адбыліся значныя фальсіфікацыі. Улады не пралічылі наступствы пачатай эканамічнай рэформы, у выніку якой значна павялічыліся камунальныя плацяжы і недаацанілі пратэстны патэнцыял насельніцтва.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі