Беларусь не выдае Бакіева, бо на радзіме яго пераследуюць "з палітычных прычын"

Беларусь не выдае экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, бо ў Кыргызстане яго пераследуюць "па палітычных матывах". Гэта вынікае з адказу афіцыйнага Мінска на запыт з Кыргызстана, піша kloop.kg.

"Паводле ліста Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, у задавальненні хадайніцтва адмоўлена", — паведамілі ў пракуратуры Кыргызстана.

Бакіеву 73 гады. Ён быў прэзідэнтам Кыргызстана ў 2005-2010 гадах. Прыйшоў да ўлады ў выніку рэвалюцыі, калі быў адхілены ад улады прэзідэнт Аскар Акаеў. У 2009-м Курманбек Бакіеў пераабраўся на пасаду прэзідэнта, а ў красавіку 2010-га здарылася новая рэвалюцыя, і ён мусіў уцякаць на чужыну. Бакіеў атрымаў прытулак у Беларусі, мае беларускае грамадзянства. У 2015-м ён выдаў свае мемуары. У 2016-м стала вядома пра яго бізнес у Беларусі.

Раней "палітуцякач" гаварыў, што сваю будучыню, а таксама будучыню сваіх малодшых дзяцей звязвае з Беларуссю, і нават хацеў, каб яго дзеці вывучылі беларускую мову.

На радзіме ў дачыненні экс-прэзідэнта распачата тры крымінальныя справы. Агулам суд прызначыў яму завочна 30 гадоў зняволення за карупцыйныя і іншыя цяжкія злачынствы. Генпракуратура Кыргызстана накіроўвала чатыры запыты аб выдачы Курманбека Бакіева, але ўлады Беларусі адмовілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.