Лукашэнка сустрэўся з Бакіевым: "Плоў з цябе, віно — з нас!"

6 жніўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Палацы Незалежнасці ў Мінску з былым прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым, які ўжо дзевяць гадоў жыве ў нашай краіне (пасля змены ўлады на радзіме з сям'ёй з'ехаў за мяжу і атрымаў прытулак у Беларусі). Як інфармуе прэс-служба беларускага кіраўніка, нагодай для сустрэчы стала 70-годдзе Бакіева. Лукашэнка падрыхтаваў для яго падарункі — карціну "Паляванне качэўнікаў з беркутам", корцік і букет кветак.

Карціна вельмі спадабалася Курманбеку Бакіеву. "Гэта ж мая краіна... Коні, беркуты...", — гаварыў ён. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што збіраецца ў госці да экс-прэзідэнта Кыргызстана (і не адзін), каб адзначыць яго дзень народзінаў: "Ты можаш нам прыгатаваць кыргызстанскі плоў? Плоў з цябе, віно — з нас!". Бакіеў паабяцаў, што асабіста прыгатуе плоў.

Па дарозе ў кабінет Аляксандр Лукашэнка здзівіў Курманбека Бакіева галаграмай сцягоў Беларусі і Кыргызстана, якую "айцішнікі зрабілі".