У Бішкеку абураныя сустрэчай Лукашэнкі з "асуджанай у Кыргызстане асобай"

Улады Кыргызстана адрэагавалі на ўчорашнюю сустрэчу ў Мінску ў Палацы Незалежнасці Аляксандра Лукашэнкі і Курманбека Бакіева, былога кыргызстанскага прэзідэнта. Лукашэнка павіншаваў Бакіева з 70-годдзем і ўручыў яму падарункі, дамовіўся пра наступную сустрэчу з пловам і віном. Як вядома, Курманбек Бакіеў атрымаў прытулак у Беларусі ў 2010-м пасля змены ўлады ў Бішкеку.

7 жніўня ў МЗС Кыргызстана быў выкліканы часовы павераны ў справах пасольства Беларусі ў Кыргызскай Рэспубліцы Сяргей Іваноў. Адзначаецца, што гэта рэакцыя на публікацыю на афіцыйным сайце беларускага кіраўніка справаздачы пра гэтую сустрэчу. Беларускаму дыпламату ўручылі ноту МЗС Кыргызстана, у якой "выказаны пратэст працягненню афіцыйных публічных кантактаў з асуджанай у Кыргызскай Рэспубліцы асобай". Бішкек лічыць "катэгарычна недапушчальным выкарыстанне падчас дадзенай сустрэчы дзяржаўнай сімволікі Кыргызскай Рэспублікі і згадку кыргызска-беларускага сяброўства, што карэнным чынам не адпавядае прынцыпам дружбы і супрацоўніцтва паміж двума дзяржавамі".

Улады Кыргызстана "настойліва заклікаюць" афіцыйны Мінск "змяніць свой падыход да дадзенай сітуацыі і засяродзіцца на пазітыўным парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва".

Курманбек Бакіеў быў завочна асуджаны ў Кыргызстане за карупцыйныя і іншыя цяжкія злачынствы на 30 гадоў зняволення. Пяць з іх ён мусіць адсядзець у турме, 25 — у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Бакіеў, яго сваякі і памочнікі знаходзяцца ў вышуку.