Генпракуратура Кыргызстана патрабуе ад Беларусі выдаць экс-прэм’ера Усенава

Генпракуратура Кыргызстана патрабуе ад Беларусі выдаць экс-прэм’ера Усенава

Генеральная пракуратура Кыргызстана патрабуе ад Беларусі выдаць колішняга мэра Бішкека і экс-прэм’ера рэспублікі Даніяра Усенава. Па звестках сілавікоў, беглы чыноўнік зараз знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і атрымаў беларускі пашпарт на імя Данііла Урыцкага.

На радзіме Усенава завочна прызналі вінаватым у злоўжыванні службовым становішчам і парушэнні зямельнага заканадаўства. За гэта суд Першамайскага раёна Бішкека прысудзіў яго да 15 гадоў зняволення. Таксама Ваенны суд Бішкекскага гарнізона завочна судзіў Усенава за саўдзел у забойстве, замах на забойства, перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне службовым становішчам. За гэтыя злачынствы Даніяр Усенаў атрымаў пажыццёвы тэрмін з канфіскацыяй маёмасці і з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Даніяр Усенаў узначальваў адміністрацыю прэзідэнта, а затым і ўрад Кыргызстана са студзеня 2009 года па красавік 2010-га, калі ва ўладзе знаходзіўся Курманбек Бакіеў. Пасля красавіцкай рэвалюцыі адбылася змена ўлады, і Усенаў пакінуў краіну.

У Беларусі пусціў карані і Курманбек Бакіеў, колішні кіраўнік Кыргызстана. Ён атрымаў беларускае грамадзянства. Кыргызстан неаднаразова патрабаваў выдаць яго, але беларускія ўлады ў гэтым адмаўляюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі