Кыргызстан знайшоў у Беларусі свайго беглага прэм’ера, асуджанага да пажыццёвага

МЗС Кыргызстана 28 ліпеня перадаў ноту часоваму паверанаму ў справах Рэспублікі Беларусь Сяргею Іванову. Нагодай для выкліку дыпламата на размову стала навіна пра адкрыццё кампаніі “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”. У кіраўніку гэтай кампаніі Данііле Урыцкім кыргызскія ўлады пазналі былога прэм’ера краіны Даніяра Усенава, якога на радзіме асудзілі да пажыццёвага зняволення.

У ноце пратэсту сказана пра непрымальнасць знаходжання ў Беларусі Даніяра Усенава. Таксама кыргызскія дыпламаты адзначаюць, што нягледзячы на актывізацыю адносінаў з Беларуссю па розных кірункаў, афіцыйны Мінск працягвае падтрымліваць былых высокапастаўленых чыноўнікаў, якіх на радзіме прызналі вінаватымі ў цяжкіх дзяржаўных злачынствах.

Інфармацыя пра знаходжанне ў Беларусі Даніяра Усенава ўпершыню з’явілася ў беларускіх СМІ напрыканцы мінулага года. Журналісты таксама апазналі ў кіраўніку “Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі” экс-прэм’ера Усенава, аднак каментароў на гэты конт ім не далі. Кіраўнік кампаніі паказаў беларускі пашпарт на імя Данііла Урыцкага.

У Беларусі дагэтуль знаходзіцца былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, які збег сюды разам з сям’ёй у 2010 годзе. Ён пабудаваў дом пад Мінскам, атрымаў беларускі пашпарт і нават быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. На радзіме яго таксама асудзілі да пажыццёвага зняволення, піша TUT.by