У Драздах прадалі катэдж экс-кіраўніка Службы бяспекі Лукашэнкі, асуджанага за карупцыю

Дом, які належаў Уцюрыну

Дом, які належаў Уцюрыну / Realt.by

У Драздах прадалі свае катэджы два былыя высокапастаўленыя функцыянеры са Службы бяспекі Лукашэнкі. У абодвух выпадках прадажная цана была ніжэйшая за першапачатковую, піша "Зеркало".

Адзін з гэтых катэджаў спрабавалі прадаць больш за тры гады. Як мінімум да 2021 года ім валодаў Андрэй Уцюрын — былы кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі. Дом плошчай 590 квадратных метраў у розны час каштаваў ад 1,3 да 1,4 млн долараў. Прадалі яго ўлетку 2025-га за 1,2 млн долараў.

Уцюрын кіраваў Службай бяспекі Лукашэнкі з 2007 года, у верасні 2014-га стаў намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. А ўвесну 2019-га яго затрымалі падчас атрымання хабару ад расійскага бізнэсоўца. Уцюрыну прысудзілі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А ў 2024-м Лукашэнка памілаваў яго.

Улетку 2025-га прадала катэдж у драздах і сям'я экс-кіраўніка Службы бяспекі Лукашэнкі і былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава. Дом спярша хацелі прадаць за 4 млн долараў. Потым цану знізілі да 2 млн, да 1,35 млн, а ў траўні 2025-га — і зусім да 750 тыс. долараў. Пасля гэтага жыллё знікла з абвестак. Але за якую канкрэтна суму яго прадалі, журналісты даведацца не змаглі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.