Да беларускай амбасады ў Кыргызстане прынеслі крыж для Лукашэнкі

Кіргізскі актывіст Андуруш Тактанасыраў прынёс да амбасады Беларусі ў Кыргызстане магільны крыж. На ім было прозвішча "Лукашэнка".

Тактанасыраў: "На чорны дзень Лукашэнку. Калі-небудзь ён сыдзе з гэтага свету на той свет. Вось табе гатовы мемарыял!"

Як тлумачыць Радыё "Свабода", перформанс быў скіраваны супраць таго, што ў Беларусі знаходзіцца экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. Пасля рэвалюцыі 2010 года ён атрымаў прытулак у Беларусі, а потым і беларускае грамадзянства.

Курманбек Бакіеў і яго родны брат Жаныш Бакіеў на радзіме асуджаныя на пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці. Іх звінавацілі ў расстрэле дэманстрантаў і іншых асабліва цяжкіх злачынствах. Але Інтэрпол паводле сваіх унутраных правілаў адмовіўся абвяшчаць яго ў міжнародны вышук.

Тактанасыраў пэрыядычна праводзіць акцыі пад беларускай амбасадай з 2010 года. У 2015 годзе ён павіншаваў Лукашэнку з новым прэзідэнцкім тэрмінам камянямі замест кветак.