СМІ: Жонка Курманбека Бакіева стала дырэктаркай гатэля "Мінск"

Жонка Курманбека Бакіева стала дырэктаркай рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Гатэль Мінск". Гэта адзін з ключавых актываў у структуры Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Беларусі, паведамляе партал tut.by. Адзначаецца, што Назгуль Таламушава каментары не дае.

Як вядома, Курманбек Бакіеў апынуўся ў Беларусі ў 2010 годзе пасля рэвалюцыйных падзей у Кыргызстане. Разам з ім была яго сям'я. Праз нейкі час Бакіеў стаў грамадзянінам Беларусі. На ўсе запыты ўладаў Кыргызстана аб экстрадыцыі экс-прэзідэнта афіцыйны Мінск адказваў адмовай.

Назгуль Таламушава — другая жонка Бакіева, з ёй ён аформіў адносіны ў 1995 годзе.

Сям'я Бакіева. Фота з сацсетак.

Вядома, што намеснікам дырэктара гатэля "Мінск" з'яўляецца Віктар Кучынскі, былы памочнік кіраўніка дзяржавы і дэпутат.

Папярэдні дырэктар гатэля "Мінск" Мікалай Жураўскі стаў знакаміты пасля свайго выказвання пра "цэпачных турыстаў". Яно проста парвала інтэрнэт у 2012 годзе. Тады кіраўнік гатэля спрабаваў растлумачыць асаблівасць турыстычнага трафіку ў Беларусі. Жураўскі працаваў на сваёй пасадзе амаль два дзесяцігоддзя.