Расія рэфінансуе Беларусі пазыку ў 750-800 мільёнаў долараў

Расія рэфінансуе Беларусі пазыку ў 750-800 мільёнаў долараў

Расія рэфінансуе запазычанасць Беларусі на 750-800 млн долараў. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі, перадае прэс-служба ўрада.

Чыноўнік паведаміў, што прынцыповая дамова аб рэфінансаванні беларускіх пазык была дасягнутая 3 красавіка падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. "Гаворка ішла аб рэфінансаванні пазык, якія ў нас сфармаваліся ў рамках нашага двухбаковага парадку дня. Гэтае пытанне разглядалася яшчэ летась, і цяпер мы вярнуліся да яго і знайшлі магчымае прынцыповае вырашэнне", — заявіў першы віцэ-прэм'ер.

Мацюшэўскі патлумачыў, што ў 750-800 мільёнаў долараў, пра якія ідзе гаворка, уваходзяць асноўны доўг і адсоткі да пагашэння ў гэтым годзе. Цяпер ідзе працэс фармальнага афармлення дамоўленасці, якой дасягнулі кіраўнікі Беларусі і Расіі 3 красавіка. Для гэтага спатрэбіцца ўнесці змены ў бюджэт, адпаведная праца будзе ісці на ўзроўні Міністэрства фінансаў і парламента Расіі.

Варта дадаць, што на сустрэчы таксама была дасягнутая дамоўленасць, што Беларусь выплаціць Расіі запазычанасць за пастаўкі газу. Яна склала 726 мільёнаў долараў.  

Таксама Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі супрацу Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Па словах Мацюшэўскага, Лукашэнка распавёў аб праблемах, якія ўзнікаюць пры супрацоўніцтве Беларусі з ЕФСР. Пуцін паабяцаў падтрымаць Беларусь, каб праграма з ЕФСР працягвалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі