Вы тут

Пуцін: адзіны тарыф на транзіт газу — на адзіным рынку з адзінымі падаткамі

Уладзімір Пуцін / kremlin.ru

На адзіны тарыф на транзіт газу ў рамках ЕАЭС пакуль што разлічваць рана. Пра гэта кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў падчас саміту ЕАЭС, які прайшоў 19 траўня ў відэафармаце. На пасядэжнні абмяркоўваецца стратэгія развіцця ЕАЭС да 2025 года.

Старшыняваў на саміце Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў знайсці кансенсус па цэнаўтварэнні на паслугі па траспартаванні газу на тэрыторыі ЕАЭС. Па гэтым пытанні краіны не могуць дамовіцца ўжо некалькі гадоў. 

За адзіны тарыф выступаюць Беларусь і Арменія. 

У адказ кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што адзіны тарыф можа быць толькі на адзіным рынку.

"Што тычыцца прапанаванага нашымі армянскімі і беларускімі сябрамі адзінага тарыфу на паслугі па транспартаванні і транзіце газу, то мы лічым, што адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання. Такі глыбокі ўзровень інтэграцыі ў ЕўрАзЭС пакуль яшчэ не дасягнуты, мы пра гэта з вамі добра ведаем, а пакуль кошты на газ павінны фармавацца на аснове рыначнай кан'юнктуры, ўлічваць выдаткі і інвестыцыі пастаўшчыкоў, а таксама забяспечваць абгрунтаваную норму прыбытку на ўкладзены ў здабычу капітал. Гэта звычайная, хачу падкрэсліць, паважаныя калегі, звычайная сусветная практыка", — цытуе словы расійскага прэзідэнта яго прэс-служба.

Пуцін кажа, што Расія, Казахстан і Кыргызстан згодныя вызначыць падыходы да цэнаўтварэння на газ пазней, калі будзе абмярковаўцца фармаванне агульнага рынку газу. "Калі пазіцыі нашых армянскіх і беларускіх сяброў застануцца без зменаў, то, напэўна, было б лагічна наогул выключыць пункт па газе з праекта Стратэгіі, каб ухваліць яе сёння", — прапанаваў кіраўнік Расіі. 

Абмеркаванне тарыфаў на транзіт газу ён прапанаваў перакласці на экспертаў. Між тым, на нядаўнім пасядэжнні прэм'ер-міністраў ЕАЭС было вызначана, што гэтае пытанне будзе вырашацца на ўроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.