Палітзняволенай Святлане Купрэевай прыпынілі выплату пенсіі

Святлана Купрэева была каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі / facebook.com/svetlana.kupreeva.5
Святлана Купрэева была каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі / facebook.com/svetlana.kupreeva.5

На адрас палітвязьня Святланы Купрэевай прыйшоў ліст з рэгіянальнай управы сацыяльнай абароны, распавяла журналістам "Радыё Свабода" маці Купрэевай Тацяна Мікалаеўна.

У паперы гаварылася прыкладна наступнае: "Выплата пенсіі прыпыненая з 1 сакавіка 2021 года ў сувязі з неатрыманнем вамі пенсіі на працягу 6 месяцаў запар — з 1 верасня 2020 года". Пры гэтым у ўправе ведаюць, дзе знаходзіцца Святлана, адзначыла Таццяна Мікалаеўна.

Яна распавяла дачцэ аб гэтым лісце, тая ў адказ пажартавала: "Можа, падумалі, што я памерла, і перасталі пералічваць".

Пенсійныя грошы Святланы сям'я не атрымлівае з чэрвеня мінулага года, калі Купрэеву затрымалі. Картку, на якую пералічвалася пенсія, адразу заблакавалі.

"Адвакат казаў, што пенсійную картку не павінны блакаваць, аднак заблакавалі", —- распавядае Таццяна Мікалаеўна.

У жніўні 2020 года скончыўся тэрмін дзеяння карткі, і з банка прыйшло паведамленне, што з гэтага часу пенсію будуць пераводзіць у паштовае аддзяленне.

"Я крыху супакоілася. Думала, што разам з маёй пенсіяй будуць прыносіць і Свеціну. Але яе пенсія не прыйшла", — кажа Таццяна Мікалаеўна.

У райаддзеле сацыяльнай абароны ёй патлумачылі, што Святлана павінна прыйсці да іх сама, калі вызваліцца, "а калі яе накіруюць у іншае месца, пенсія "паедзе" ўслед за ёй".

Таццяна Мікалаеўна прызналася журналістам, што перажывае за дачку, і настойвае, што "Святлана пакутуе ні за што".

"Ніякіх акцый, грошай у яе не было. Мы жывем у маёй кааператыўнай "хрушчоўцы", якую я пабудавала ў 1968 годзе", — кажа яна.

Святлану Купрэеву затрымалі 11 чэрвеня, з гэтага часу яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У тыя дні сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў Белгазпрамбанк, які раней узначальваў Віктар Бабарыка. Экс-банкір  меў намер паўдзельнічаць у выбарах прзідэнта, збіраўся вылучацца на пасаду кіраўніка краіны. Дэпартамент фінансавых расследаванняў распачаў адразу некалькі крымінальных спраў.

Купрэева не працавала ў Белгазпрамбанку, але была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі і каардынатарам ініцыятыўнай яго групы па адным з раёнаў Мінска. Яе падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі