Пры рашэнні аб прытулку для беларусаў будуць улічваць актыўнасць пасля ўцёкаў

Прыняты новы Пакт ЕС аб міграцыі і прытулку, у ім ёсць важнае правіла для беларусаў

Прыняты новы Пакт ЕС аб міграцыі і прытулку, у ім ёсць важнае правіла для беларусаў / LookByMedia

Пры разглядзе заяў беларусаў на прытулак улады краін ЕС цяпер улічваюць не толькі пераследаванне ў Беларусі, але і іх дзейнасць у эміграцыі, завочныя крымінальныя працэсы, ціск на сваякоў і рызыкі, з якімі яны могуць сутыкнуцца пры вяртанні ў краіну.

Такое новаўвядзенне прадугледжана пасля ўступлення ў сілу 12 чэрвеня 2026 года ў Еўрасаюзе новых правілаў прыёму заяў ад прасіцеляў прытулку — Пакта ЕС аб міграцыі і прытулку. 

Новаўвядзенню паспрыяла справаздача European Union Agency for Asylum (EUAA) у траўні 2026 года аб палітычнай апазіцыі і іншадумстве ў Беларусі, якая ахоплівае перыяд са студзеня 2025 года па 1 красавіка 2026 года.

У дакуменце апісаны палітычныя рэпрэсіі, абмежаванні свабоды слова і сходаў, ужыванне заканадаўства аб "экстрэмізме" і "тэрарызме" ў дачыненні да апазіцыянераў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў і сваякоў палітвязняў.

Паводле даных EUAA, значэнне пры ацэнцы рызыкі можа мець і дзейнасць чалавека пасля ад'езду з Беларусі — удзел у апазіцыйных акцыях, праца з незалежнымі СМІ, публічная крытыка ўлад.

Як адзначаюць у EUAA, доля станоўчых рашэнняў першай інстанцыі па беларускіх заявах са студзеня 2025 года па люты 2026 года склала 71%. Але гэта не азначае аўтаматычнага прадастаўлення абароны кожнаму грамадзяніну Беларусі — усе заяўкі разглядаюцца індывідуальна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.