Новыя правілы прытулку ў ЕС: што адбываецца з чалавекам ад мяжы да рашэння
Мяжа / LookByMedia
12 чэрвеня 2026года ў Еўрапейскім саюзе дзейнічаюць новыя правілы для людзей, якія просяць прытулку. Рэформа называецца Пактам ЕС аб міграцыі і прытулку. Ён складаецца з дзесяці заканадаўчых актаў, якія змяняюць амаль увесь шлях чалавека ад перасячэння мяжы ЕС да атрымання абароны або вяртання.
Галоўная мэта рэформы — хутчэй вызначыць, хто прыехаў, якая краіна павінна займацца яго справай, ці ёсць у чалавека падставы для абароны. Адначасова ЕС хоча лепш размяркоўваць нагрузку паміж краінамі і паменшыць колькасць людзей, якія пасля рэгістрацыі самастойна пераязджаюць адной дзяржавы Еўрасаюза ў іншую.
Новыя правілы асабліва важныя для тых, хто трапіў у ЕС нелегальна або папрасіў прытулку на знешняй мяжы. Чалавек, які легальна прыехаў, напрыклад, па візе, а затым папрасіў прытулку ўжо ўнутры ЕС, праходзіць не ўсе апісаныя ніжэй этапы.
Чаму ЕС змяніў сістэму
Раней дзейнічала так званая Дублінская сістэма. Яна не вырашала, каму належыць даваць прытулак. Яна вызначала, якая краіна павінна разглядаць заяву.
Спачатку ўлады правяралі сямейныя сувязі чалавека, яго візы і віды на жыхарства. Калі спецыяльных падстаў не было, вялікае значэнне мела месца першага нелегальнага ўезду ў ЕС.
Напрыклад, чалавек прыехаў з Турцыі ў Грэцыю, а потым адправіўся ў Германію і папрасіў там прытулку. Германія магла ўстанавіць, што за яго заяву адказвае Грэцыя, і паспрабаваць вярнуць яго туды.
Пасля рэформы асноўны прынцып захаваўся: адну заяву павінна разглядаць адна адказная краіна, а сам чалавек не можа проста выбраць любую дзяржаву ЕС.
Але правілы вызначэння адказнай краіны змяніліся, а кантроль стаў больш жорсткім. Напрыклад, адказнасць краіны першага нелегальнага ўезду цяпер звычайна захоўваецца на працягу 20 месяцаў. Пры вызначэнні адказнай краіны таксама ўлічваюцца сям’я, візы, віды на жыхарства і некаторыя іншыя сувязі. Новыя правілы ўлічваюць нават дыплом або кваліфікацыю, атрыманыя ў адной з краін ЕС: пры пэўных умовах гэтая краіна адказвае за заяву, калі з моманту выдачы дыплома прайшло менш за шэсць гадоў.
Такім чынам, скрынінг павінен адказаць на некалькі асноўных пытанняў: хто гэты чалавек, адкуль і як ён прыехаў, ці ёсць інфармацыя пра яго ў еўрапейскіх базах дадзеных, ці ўяўляе ён пагрозу бяспецы, ці патрэбна яму дапамога і на якую працэдуру яго накіраваць далей.
Падчас скрынінгу чалавек можа фізічна знаходзіцца на тэрыторыі краіны ЕС, але яшчэ не мець дазволу на ўезд.
Якая краіна адказвае за заяву
Пасля рэгістрацыі неабходна вызначыць, якая краіна ЕС павінна займацца справай.
Спачатку правяраюць сямейныя сувязі і іншыя абставіны. Напрыклад, мае значэнне, ці выдавала адна з краін чалавеку візу або від на жыхарства. У некаторых выпадках улічваецца таксама дыплом або кваліфікацыя, атрыманыя ў краіне ЕС.
Калі іншых падстаў няма, вялікае значэнне мае краіна першага нелегальнага ўезду.
Пры гэтым новыя правілы спецыяльна ўскладняюць самастойны пераезд у іншую краіну ЕС.
Напрыклад, чалавек перасек знешнюю мяжу адной краіны, быў там зарэгістраваны, а затым сам прыехаў прасіць прытулак у іншую.
Яго рэгістрацыю можна ўбачыць у Eurodac. Калі, паводле правілаў, за заяву адказвае першая краіна, чалавека могуць вярнуць туды.
Пры гэтым паміж самімі дзяржавамі ЕС дзейнічае новы механізм салідарнасці. Дзяржава, якая прымае асабліва шмат людзей, можа атрымаць дапамогу ад іншых членаў ЕС — у форме перасялення часткі просьбітаў, фінансавага ўнёску або іншай падтрымкі. Гэты механізм размяркоўвае нагрузку паміж дзяржавамі, але не дае самому просьбіту прытулку права выбіраць краіну, у якую яго пераселяць.
Што такое “бяспечная краіна”
Яшчэ да падрабязнай размовы пра прычыны ўцёкаў можа ўзнікнуць іншае пытанне: ці павінен ЕС наогул разглядаць заяву па сутнасці?
Тут важна не блытаць два падобныя паняцці.
Першае — бяспечная краіна паходжання.
Гэта родная краіна чалавека. ЕС лічыць, што ў цэлым там дастаткова бяспечна і большасць яе грамадзян звычайна не маюць патрэбы ў міжнароднай абароне.
З чэрвеня 2026 года прыняты агульны спіс бяспечных краін паходжання ЕС. У яго ўваходзяць Бангладэш, Калумбія, Егіпет, Індыя, Косава, Марока і Туніс. Акрамя таго, бяспечнымі краінамі паходжання ў прынцыпе лічацца краіны — кандыдаты на ўступленне ў ЕС, калі не дзейнічаюць прадугледжаныя законам выключэнні.
Падчас гэтай працэдуры чалавек, як правіла, павінен знаходзіцца на знешняй мяжы або побач з ёй, у транзітнай зоне альбо ў іншым спецыяльна вызначаным месцы і яшчэ не атрымлівае звычайнага дазволу на ўезд.
Памежная працэдура павінна быць завершана максімум за 12 тыдняў. У гэты тэрмін уваходзіць і абскарджанне, калі яно адбываецца ў рамках памежнай працэдуры. У некаторых выпадках пры перамяшчэнні заяўніка ў іншую краіну ЕС тэрмін можа быць павялічаны да 16 тыдняў.
Памежны цэнтр не абавязкова з’яўляецца месцам утрымання пад вартай. Само прымяненне border procedure не азначае аўтаматычнага заключэння чалавека пад варту.
Для непаўналетніх без суправаджэння і людзей з асаблівымі медыцынскімі або працэсуальнымі патрэбамі прадугледжаны дадатковыя гарантыі. Калі неабходную падтрымку немагчыма забяспечыць у месцы правядзення памежнай працэдуры або існуюць адпаведныя медыцынскія прычыны, яна не павінна прымяняцца або павінна быць спынена.
Рашэнне і вяртанне
Пасля папярэдніх праверак улады разглядаюць галоўнае пытанне: чаму чалавеку небяспечна вяртацца дадому?
З ім праводзяць інтэрв’ю. Ён распавядае, што адбылося і чаго ён баіцца.
Чалавек можа прадаставіць дакументы і іншыя доказы: судовыя рашэнні, лісты і паведамленні з пагрозамі, публікацыі, фатаграфіі, медыцынскія дакументы.
Улады супастаўляюць яго расповед з інфармацыяй пра сітуацыю ў краіне паходжання і вырашаюць, ці існуе рэальная небяспека менавіта для гэтага чалавека.
Калі падставы пацвярджаюцца, ён атрымлівае статус бежанца або дадатковую абарону.
Калі не — атрымлівае адмову.
Рашэнне можна абскардзіць. Але ў некаторых паскораных і памежных справах скарга сама па сабе не заўсёды дае права заставацца ў краіне да рашэння суда: можа спатрэбіцца асобнае рашэнне аб праве застацца.
Калі адмова становіцца канчатковай, пачынаецца працэдура вяртання.
Для людзей, якія знаходзяцца ў рамках border procedure, дзейнічае спецыяльная памежная працэдура вяртання. Яна можа доўжыцца яшчэ да 12 тыдняў. Таму разгляд заявы на мяжы і наступная памежная працэдура вяртання могуць заняць увогуле да 24 тыдняў.
Знешняе кола ЕС
Але новая міграцыйная сістэма не заканчваецца на мяжы Еўрасаюза.
Першы механізм ужо дзейнічае. Гэта бяспечная трэцяя краіна. Пры выкананні ўмоў заява можа быць прызнана непрымальнай, калі чалавек можа атрымаць эфектыўную абарону ў трэцяй краіне.
Гэта пакуль не азначае, што вакол Еўрасаюза ўжо створана сетка лагераў для просьбітаў прытулку. Для перадачы чалавека неабходны юрыдычныя падставы, а трэцяя краіна павінна адпавядаць патрабаванням бяспекі.
Такім чынам, беларускае грамадзянства само па сабе не з’яўляецца падставай для паскоранай або памежнай працэдуры паводле правіла 20%. Але астатнія новыя правілы — скрынінг на знешняй мяжы, рэгістрацыя ў Eurodac, вызначэнне адказнай краіны і праверка маршруту — прымяняюцца да беларусаў гэтак жа, як і да іншых просьбітаў прытулку.
Што змянілася пасля 12 чэрвеня
Для беларуса многае залежыць ад таго, як ён трапіў у Еўрасаюз.
Калі чалавек легальна прыехаў па візе, а затым папрасіў прытулак ужо ўнутры ЕС, ён не праходзіць памежны скрынінг толькі таму, што вырашыў звярнуцца па абарону. Аднак віза або від на жыхарства, выдадзеныя адной з краін ЕС, могуць мець значэнне пры вызначэнні дзяржавы, якая павінна разглядаць яго заяву.
Калі чалавек нелегальна перасек знешнюю мяжу ЕС, ён праходзіць апісаны вышэй скрынінг. Але пасля гэтага беларуса нельга накіраваць на абавязковую памежную працэдуру толькі на падставе грамадзянства паводле правіла 20%: паказчык станоўчых рашэнняў па беларускіх заявах значна вышэйшы за гэты парог.
Памежная або паскораная працэдура ўсё ж магчымая на іншых падставах — напрыклад, калі чалавек уяўляе пагрозу бяспецы або наўмысна ўводзіў улады ў зман адносна сваёй асобы або грамадзянства.
Новая сістэма таксама робіць значна больш важным месца першай рэгістрацыі. Калі беларус зарэгістраваны, напрыклад, у Польшчы, а затым самастойна адпраўляецца прасіць прытулак у іншую краіну ЕС, еўрапейскія базы дазваляюць устанавіць яго папярэднюю рэгістрацыю і вызначыць, якая дзяржава адказвае за заяву.
Для беларусаў таму адно з галоўных змяненняў звязана не са стаўленнем ЕС да прычын іх уцёкаў, а з больш строгім кантролем маршруту і вызначэннем краіны, якая будзе разглядаць заяву.
Каму небяспечна вяртацца ў Беларусь
У маі 2026 года EUAA апублікавала новы даклад аб палітычнай апазіцыі і іншадумстве ў Беларусі. Такая інфармацыя аб краіне паходжання — COI — выкарыстоўваецца міграцыйнымі органамі еўрапейскіх краін пры разглядзе заяў аб прытулку.
Даклад ахоплівае перыяд са студзеня 2025 года па 1 красавіка 2026 года і апісвае працяг рэпрэсій па палітычных матывах, абмежаванні свабоды слова, сходаў і аб’яднанняў, а таксама шырокае прымяненне заканадаўства аб “экстрэмізме” і “тэрарызме”.
Сярод груп, становішча якіх разглядаецца ў дакладзе, — палітычныя апаненты ўлады, удзельнікі пратэстаў, журналісты, праваабаронцы, адвакаты, палітычныя зняволеныя і іх сваякі.
Асобна апісваецца пераслед за крытыку ўлад, падтрымку Украіны і сувязі з арганізацыямі, абвешчанымі ў Беларусі “экстрэмісцкімі”.
Для просьбіта прытулку важна, што пры ацэнцы рызыкі могуць мець значэнне не толькі падзеі, якія адбыліся да ад’езду з Беларусі.
EUAA апісвае завочныя судовыя працэсы, назіранне за беларускай дыяспарай за мяжой і ціск на сваякоў палітычных зняволеных і іншых крытыкаў улады, якія застаюцца ў Беларусі.
Таму значэнне можа мець і дзейнасць чалавека ўжо пасля эміграцыі: удзел у апазіцыйных акцыях, праца з незалежнымі СМІ, публічная крытыка беларускіх улад або супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія ўлады лічаць “экстрэмісцкімі”.
Але сам факт знаходжання або транзіту праз трэцюю краіну яшчэ не азначае аўтаматычнай адпраўкі туды. Павінны выконвацца патрабаванні еўрапейскага заканадаўства: краіна павінна быць бяспечнай для канкрэтнага чалавека, там павінна існаваць магчымасць атрымаць эфектыўную абарону, а перадача павінна мець неабходную прававую падставу.
Для беларускіх палітычных актывістаў, журналістаў і іншых публічных крытыкаў улад індывідуальная праверка можа быць асабліва важнай. Калі чалавек сцвярджае, што пераслед звязаны ў тым ліку з яго дзейнасцю за межамі Беларусі, гэтая рызыка павінна ўлічвацца пры вырашэнні, ці сапраўды канкрэтная трэцяя краіна з’яўляецца для яго бяспечнай.
Што ў выніку мяняецца для беларусаў
Для беларусаў рэформа 2026 года перш за ўсё змяняе шлях да разгляду заявы, але не прыводзіць да меркавання, што сама заява з’яўляецца неабгрунтаванай.
Беларусь не ўваходзіць у агульнаеўрапейскі спіс бяспечных краін паходжання. Доля станоўчых рашэнняў першай інстанцыі па беларускіх заявах за перыяд, прааналізаваны EUAA, складала 71%, таму беларускае грамадзянства не падпадае пад правіла 20%.
Затое большае значэнне набываюць спосаб уезду, першая рэгістрацыя, маршрут і краіна, адказная за разгляд заявы.
А калі ўлады пераходзяць да пытання аб тым, ці небяспечна чалавеку вяртацца ў Беларусь, значэнне маюць не толькі рэпрэсіі, з якімі ён сутыкаўся да ад’езду. Пры індывідуальнай ацэнцы можа ўлічвацца дзейнасць у эміграцыі, завочныя крымінальныя працэсы, ціск на сваякоў і рызыкі, якія ўзнікаюць непасрэдна пры вяртанні.
Таму для беларускага заяўніка новая сістэма змяняе перш за ўсё шлях да прыняцця рашэння, тады як падставы для атрымання міжнароднай абароны па-ранейшаму ацэньваюцца індывідуальна.