У Літве не плануюць забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь — міністр транспарту

Віленскі аўтавакзал

Віленскі аўтавакзал / LRT

Літва пакуль не плануе браць прыклад з Латвіі і забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь. Пра гэта заявіў міністр транспарту і камунікацый Літвы Юрас Тамінскас, каментуючы прапанову дэпутата-кансерватара Сейма Літвы Арвідаса Анушаўскаса.

"Гэта паніка Арвідаса Анушаўскаса. Няхай ён сам і панікуе, а мы ацэньваем сітуацыю цвяроза. Мы заўсёды трымаем руку на пульсе, заўсёды ўзважваем. Цяпер таксама перыядычна даем гэтаму ацэнку, але рэзкіх рухаў рабіць дакладна не будзем", — перадае Радыё Свабода словы літоўскага міністра.

Прэм’ер Літвы Міндаўгас Сінкявічус падкрэсліў, што Літва можа абмежаваць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і цалкам закрыць мяжу. Але такія рашэнні мусяць грунтавацца на ацэнцы бяспекі, а не на палітычных матывах. Кіраўнік урада дадаў, што ваенная разведка Літвы на сёння не дае падобныя рэкамендацыі.

7 верасня стала вядома, што ў Латвіі з наступнага года плануюць цалкам адмяніць аўтобусныя рэйсы ў Расію і Беларусь, а таксама транзіт праз латвійскую тэрыторыю ў гэтыя краіны.

Літоўскі міністр звязаў гэтыя заявы з парламенцкімі выбарамі ў Латвіі, прызначанымі на кастрычнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.