Донар небяспекі: навошта Лукашэнка стварае сабе такі імідж перад Захадам — эфір
Вадзім Мажэйка / Еўрарадыё
Здавалася б, зусім нядаўна Лукашэнка, выступаючы на этнафестывалі “Покліч Палесся”, распавядаў пра Беларусь як мірную краіну, пра жаданне сябраваць з Украінай і ўкраінцамі. А праз колькі тыдняў, сустракаючыся ў Маскве з Пуціным, ізноў паўтарае мантры пра “адзін акоп”, абяцае забяспечыць расійскія ракеты і БПЛА неабходнай мікраэлектронікай і выказвае поўную падтрымку агрэсіўнай палітыцы Масквы. У тым ліку і адносна краін Еўрасаюза. Колькасць спроб нелегальнага пераходу мяжы ў краіны ЕС з тэрыторыі Беларусі таму сведчанне. І менавіта таму нашы суседзі даўно ўспрымаюць Беларусь не як “выспу стабільнасці”, а як “донара рэгіянальнай небяспекі”.
Ці сапраўды Беларусь заходнімі краінамі сёння ўспрымаецца выключна як “донар небяспекі” і што найперш спрыяе замацаванню такога іміджу? Як гэта ўплывае на фарміраванне заходняй палітыкі адносна Мінска і ці не нараджае гэта жаданне залагодзіць Лукашэнку? Што рэальна можа зрабіць Лукашэнка, каб не быць уцягнутым канчаткова ў расійскую вайну ва Украіне і ў маскоўскую авантуру адносна краін ЕС і НАТА? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае палітычны аналітык, кіраўнік Інстытута даследаванняў бяспекі імя Касцюшкі Вадзім Мажэйка ў 15:00.