Беларусы стварылі інтэрактыўную карту ксенафобіі ў Польшчы

Удар, ілюстрацыйнае фота

Удар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Інтэрактыўную карту ксенафобіі ў Польшчы стварылі беларускія актывісты. На ёй можна паглядзець, у якіх польскіх гарадах часцей за ўсё здараюцца канфлікты на глебе нацыянальнасці, а таксама заявіць пра інцыдэнт, калі вы сталі ахвярай.

Адна са стваральніц сайта праваабаронца Марына Касінерава ў гутарцы з выданнем MOST расказала, што сайт акумулюе звесткі пра абразы, напады, дыскрымінацыі, але таксама пра паліцэйскія рэйды ці выпадкі масавай дэпартацыі. Папаўняецца мапа на аснове публічных сведчанняў. Актывісты збіраюць паведамленні з сацыяльных сетак, паблікаў, справаздач паліцыі. Некаторыя з публікацый суправаджаюцца фатаграфіямі агрэсараў або ахвяр.

Таксама мігранты могуць самастойна падаць звесткі аб праявах ксенафобіі, запоўніўшы форму на сайце.

Паводле звестак, сабраных праваабаронцамі, больш за ўсё канфліктаў на нацыянальнай глебе адбываецца ў буйных гарадах — Варшаве, Познані і Гданьску. Найчасцей ахвярамі ксенафобіі становяцца ўкраінцы, на другім месцы ідуць беларусы. Але ў канфліктах на нацыянальнай глебе пакутуюць і палякі.

Праваабаронцы прызнаюць, што ў публічную прастору трапляе толькі частка падобных выпадкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.