Штаб Бабарыкі: затрыманая ўдзельніца ініцыятыўнай групы знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Штаб Бабарыкі: затрыманая ўдзельніца ініцыятыўнай групы знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі ўвечары 15 чэрвеня паведаміў пра затрыманне ўдзельніцы ініцыятыўнай групы, каардынатара па адным з раёнаў сталіцы Святланы Купрэевай. Яна не працавала ў "Белгазпрамбанку" і ў кампаніях, дзе праходзілі ператрусы, але з'яўляецца сябрам сям'і палітыка.

Купрэеву затрымалі 11 чэрвеня. Ператрус у кватэры праходзіў у прысутнасці яе 81-гадовай маці. Увечары ў той дзень сяброўцы Святланы паведамілі па тэлефоне, што яна затрымана і будзе знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ. Там яе дапытвалі. Праз 72 гадзіны Святлана Купрэева не была вызвалена. Рэчы першай неабходнасці ёй удалося перадаць толькі праз чатыры дні пасля затрымання. Адвакату адмовілі ў сустрэчы з падабароннай "у сувязі з каранавірусам".

"Скаргі на незаконнасць і неабгрунтаванасць затрымання, пададзеныя Купрэевай і яе адвакатам, ва ўстаноўлены законам тэрмін не разгледжаны", — паведамляе сайт babariko.by. Тым часам па месцы жыхарства ўдзельніцы ініцыятыўнай групы Бабарыкі апісваецца і арыштоўваецца маёмасць.

Штаб Бабарыкі абяцае абнародаваць інфармацыю і пра іншых затрыманых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі