Пратэснае галасаванне людзей, якія баяцца за сваю будучыню — пра перамогу АдГ у Германіі
Ульрых Зігмунд, вядучы кандыдат ад партыі "Альтэрнатыва для Германіі" на выбарах у Саксоніі-Анхальт (у цэнтры) / REUTERS/Fabrizio Bensch
Перамогу ультраправых у нямецкай зямлі Саксонія-Анхальт называюць аплявухай федэральнаму канцлеру Фрыдрыху Мерцу. Партыя “Альтэрнатыва для Германіі” (АдГ) атрымала 43,8% галасоў — утрая больш, чым хрысціянскія дэмакраты Мерца.
Калі яны змогуць стварыць кааліцыю з “Саюзам Сары Вагенкнехт” (ССВ), то сфарміруюць урад і атрымаюць кантроль над паліцыяй, адукацыяй і культурай у гэтай зямлі. Лідар спіса ССВ Томас Шульцэ ўжо сказаў Deutsche Welle, што цалкам гатовы супрацоўнічаць з любой партыяй. Гэта катастрофа?
Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман кажа, што немцы на гэтых выбарах галасавалі не за ультраправых, а супраць Мерца. Таму першая з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны перамога ультраправых хоць і гістарычная, але пакуль не катастрафічная.
Ці паміраць правыя немцы Лукашэнку і Пуціна з Берлінам і ці вышлюць дадому ўсіх украінскіх бежанцаў? Не. Падрабязней — у інтэрв’ю з Аляксандрам Фрыдманам.
“Гэта было галасаванне людзей, якія баяцца за сваю будучыню”
— Дык што адбылося ў Саксоніі-Анхальт: “Альтэрнатыва для Германіі” трыумфальна перамагла ці ХДС/ХСС правальна прайграла?
— Гэта паспяховая кампанія АдГ на чале з харызматычным Ульрыхам Зігмундам, і яны ўзнялі тэмы, якія добра ўспрыняла аўдыторыя.
І гэта катастрафічны правал хрысціянскіх дэмакратаў. Гэты вынік справядліва называюць аплявухай федэральнаму канцлеру Фрыдрыху Мерцу, гэта адказ Саксоніі-Анхальт федэральнаму ўраду.
Мы бачылі пратэснае галасаванне людзей, незадаволеных сваім эканамічным становішчам, знешняй палітыкай, галасаванне людзей, якія баяцца за сваю будучыню.
— Чаму менавіта ў Саксоніі АдГ набыла такую папулярнасць? Там што, нейкія асабліва радыкальныя людзі?
— Гэта невялікая федэральная зямля, дзе жыве крыху больш за 2 мільёны чалавек, зямля, дзе стан эканомікі сапраўды нядобры. Многія маладыя людзі з’язджаюць адтуль і едуць на працу ў іншыя федэральныя землі. Усе тыя праблемы, якія ёсць у Германіі, у Саксоніі асабліва абвастрыліся.
Ну а меркаванне, што там жывуць нейкія асаблівыя людзі, успрымальныя да ультраправых ідэй, — я б не стаў перабольшваць. Апытанні паказваюць, што людзі з ультраправымі поглядамі не складаюць большасці выбарцаў АдГ — многія прагаласавалі проста ў знак пратэсту.
— Зігмунд сказаў сваім прыхільнікам, што перамога яго партыі — гэта “сігнал для ўсёй Германіі”. Ці так гэта? У якой наступнай зямлі могуць перамагчы правыя?
— Зігмунд шмат чаго сказаў, але гэтыя пафасныя тэзісы я б разглядаў проста як паслявыбарныя заявы чалавека, які напісаў гісторыю партыі. Так, цяпер у АдГ ёсць шанец сфарміраваць урад, але абсалютнай большасці ў іх няма. Цяпер усё залежыць ад таго, ці падтрымае іх Саюз Сары Вагенкнехт [які набраў 5,3% і такім чынам атрымае пяць мандатаў].