BELPOL назваў яшчэ адну беларускую фірму, якая працуе на расійскі ВПК

"Кантактмодуль"

"Кантактмодуль" / сацсеткі кампаніі

Беларускае прадпрыемства, якое працуе на расійскі ваенна-прамысловы комплекс, дагэтуль застаецца не пад санкцыямі. Як сцвярджае ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL, гаворка ідзе пра навукова-вытворчае прадпрыемства ТАА "НВП "Кантактмодуль".

Кампанія выпускае вырабы для ўводу і адлюстравання інфармацыі ў складаных умовах эксплуатацыі. Маюцца на ўвазе бартавыя сістэмы кіравання і вылічальнікі, прыборныя панэлі, пульты кіравання, маніторы, дысплеі спецыяльнага прызначэння, аўтаматызаваныя працоўныя месцы ды іншае абсталяванне.

Беларускі вытворца актыўна супрацоўнічае з такімі фірмамі расійскага ВПК, як Пензенскі радыёзавод, АТ "Абарончыя сістэмы", Омскі НДІ прыборабудавання, "КБ Кунцава", "Расабаронэкспарт", АТ "Ізумруд".

Яшчэ ў 2019 годзе беларуская фірма распрацоўвала панэлі кіравання для камплекта аўтаматызацыі кіравання і стральбы падраздзяленняў зенітных ракетных брыгад СПА РФ. Для Омскага НДІ прыборабудавання фірма распрацоўвала і вырабляла пульты мясцовага кіравання для вайсковых радыёперадаючых прылад КВ-дыяпазону Р-646-М1 і Р-646-М5. Для АТ "Ізумруд" беларуская кампанія распрацоўвала і выпускала клавіятуры для карабельнай сістэмы кіравання артылерыйскім агнём МР-123-02/3 "Багіра".

У 2026 годзе "Кантактмодуль" абавязаўся паставіць для АТ "Абарончыя сістэмы" панэлі кіравання і клавіятуры кабіны кіравання зенітна-ракетнага комплексу "Пячора-2м".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.