Вы тут

Пачалася кампанія байкоту чэмпіянату свету ў хакеі 2021 года ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка: дык будзе чэмпіянат? / Reuters

Пачалася кампанія байкоту чэмпіянату свету ў хакеі 2021 года ў Беларусі. 17 снежня пра яе аб'явіў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, якім кіруе трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя, якая цяпер знаходзіцца за мяжой. У афіцыйнай заяве фонду адзначаецца, што Міжнародная федэрацыя хакею на чале з Рэнэ Фазелем мае намер правесці ЧС у Мінску, а гэта супярэчыць апошнім рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэта. Сярод іх — выключыць Беларусь з сістэмы міжнародных спаборніцтваў. Таму пазіцыю Фазеля Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці называе дзіўнай.

"Прынамсі яна засмучае, бо цалкам супярэчыць агульнай пазіцыі, цытуе словы Герасімені Радыё Свабода. — Чэмпіянат свету ў такіх умовах немагчымы ў прынцыпе". Пра якія ўмовы гаворка? Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ідуць масавыя затрыманні і ціск на іншадумцаў. Такім чынам пацярпелі і спартсмены, на што і адрэагаваў МАК, які ўвёў санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці патрабуе ад Міжнароднай федэрацыі хакею скасаваць мінскую частку хакейнага чэмпіянату (ён мусіў праводзіцца сумесна з Латвіяй). А сябра Свабоднага аб’яднання спартсменаў баскетбалістка Алена Леўчанка, якая правяла ў Беларусі 15 сутак за кратамі, напісала ліст Рэнэ Фазелю. "Рашэнне азначае адно: ці падтрымлівае хакейны свет у вашай асобе гвалт і генацыд, — піша яна. — Як можна святкаваць, калі людзі крычаць ад гора?".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.