Навошта праваслаўны святар прыйшоў на службу ў гродзенскі касцёл

Протаіерэй Георгий Рой / orthos.org
Протаіерэй Георгий Рой / orthos.org

У Гродне настаяцель праваслаўнага Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Рой прыйшоў на службу ў каталіцкі Фарны касцёл. Там у гэты час маліліся пра як мага больш хуткае вяртанне ў Беларусь каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і пра спрыяльнае вырашэнне няпростай сітуацыі ў Беларусі.

Прадстаўнікі розных канфесій нячаста прыходзяць у храмы адзін да аднаго, тым больш падчас службы. Прапагандысцкія тг-каналы нават паспелі абазваць гэтую падзею "палітычным перформансам", маўляў, "бацюшкі працягваюць страчваць сувязь з рэальным светам", нягледзячы на відавочнае ўказанне зверху не лезці ў палітыку.

Еўрарадыё ўдалося датэлефанавацца да протаіерэя Георгія і даведацца прычыну яго візіту ў касцёл.

Служба ў Фарным касцёле была з нагоды таго, што мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не можа ўехаць у Беларусь, не можа быць са сваёй паствай. Мы бачым, што прадстаўнікі каталіцкай абшчыны з-за гэтага моцна перажываюць, моляцца і лічаць несправядлівым рашэнне не пускаць мітрапаліта Кандрусевіча, — расказвае айцец Георгій. — Асабіста я з гэтым згодны — што гэта несправядліва. Так не павінна быць. У знак салідарнасці мы прыйшлі ў касцёл, каб сказаць, што мы падтрымліваем каталіцкую суполку, што мы падзяляем іх занепакоенасць гэтай сітуацыяй і што мы спадзяемся, што такое несправядлівае рашэнне будзе ў хуткім часе адмененае.

Святар не баіцца выказваць сваю пазіцыю, у тым ліку наконт гвалту, што запоўніў вуліцы беларускіх гарадоў.

— Вядома, я вельмі перажываю з-за фактаў такога неапраўданага гвалту, прымянення спецсродкаў супраць дэманстрантаў. Я вельмі балюча перажываю хлусню, якую часта можна бачыць у СМІ, калі спрабуюць нацкоўваць розныя групы людзей, ствараюць канфлікт. Гэта ўсё вельмі дрэнна.

Я лічу, што трэба аднаўляць справядлівасць. Парушэнне справядлівасці правакуе вострыя грамадскія канфлікты. Я вельмі спадзяюся, што ўсё наша грамадства, усё полюсы супрацьстаяння ўрэшце задумаюцца і будуць працаваць над тым, каб кожны грамадзянін адчуваў, што ў нашым грамадстве дзейнічаюць законы справядлівасці.

Царква, як лічыць айцец Георгій, павінна аб'ядноўваць людзей і не павінна заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца вакол.

— Зараз мы молімся ўсе разам. Я святар у Кафедральным саборы, у нас вельмі вялікая абшчына, якая аб'ядноўвае людзей вельмі розных поглядаў, розных палітычных пазіцый. Мы ўсе молімся за мір, молімся за нашу краіну.

Царква, як мне здаецца, не павінна ўмешвацца ў палітыку. Мы не можам параўноўваць палітычныя праграмы якіх-небудзь партый або кандыдатаў. Але ў той жа час мы як людзі царквы не можам мірыцца з гвалтам, хлуснёй, са спробамі падзяліць людзей. І аб гэтым мы як хрысціяне павінны гаварыць.

А ці могуць вернікі хадзіць на мірныя мітынгі? І як неабыякавым парафіянам паводзіць сябе ў такой няпростай сітуацыі? На думку Георгія Роя, гэта справа сумлення кожнага.

— Я лічу, што зараз мы жывём у такі час, калі сумленне кожнага чалавека павінна падказаць яму тое, што ён павінен рабіць. Таму што сумленне — гэта голас Божы ў душы чалавека. Трэба слухаць сваё сумленне і дзейнічаць адпаведна з сумленнем.

Я не ведаю, якімі палітычнымі сродкамі можна дасягнуць міру, што канкрэтна тут трэба рабіць. Але я кажу аб тым, што так быць не павінна, і я малюся за гэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі