Ратвейлер напаў на пенсіянерку, палачане патрабуюць адстраляць бяздомных сабак

Ратвейлер напаў на пенсіянерку, палачане патрабуюць адстраляць бяздомных сабак

Гісторыя з ратвейлерам, які напаў на 72-гадовую жанчыну і загрыз яе тойтэр’ера, узняла праблему бяздомных жывёл у Полацку. Людзі даўно не адчуваюць сябе ў бяспецы: сабакі без гаспадароў бегаюць па дварах, адлавіць ці адстраляць іх няма каму. Палачане звяртаюцца па дапамогу да камунальнікаў, а тыя кажуць, што вінаватыя самі жыхары горада.

Палачанка Валянціна, якая жыве ў доме №5 па вуліцы Кастрычніцкай, распавяла Еўрарадыё, што бяздомныя жывёлы ў горадзе пастаянна яе палохаюць.

“Мы з суседкай скардзіліся, каб іх адлавілі, — кажа Еўрарадыё жыхарка Полацка. — Цягаюцца гэтыя сабакі. Тэлефанавалі, каб адлавілі і адстралялі. Днямі хадзіў чорны сабака пад вокнамі”.

Дырэктар КУП “ЖКГ” Полацка Аляксандр Міхалевіч адказвае на гэта, што праблема бяздомных жывёл ёсць у любым горадзе.

“У Полацку няма асобнай службы, якая займаецца адловам бяздомных жывёл, ёсць толькі брыгада, — распавядае ён Еўрарадыё. — Мы працуем з дабрачыннымі арганізацыямі, якія шукаюць гаспадароў для жывёл. Звароты ад людзей ідуць пастаянна. Наша служба працуе па горадзе і раёне. Я пацвярджаю, што ёсць у горадзе бяздомныя сабакі і каты”.

Па словах Аляксандра Міхалевіча, ЖКГ займаецца гэтай праблемай, але жывёлы “не проста так з’явіліся на вуліцах”.

“Праблему ў першую чаргу стварылі людзі, якія жывуць у горадзе. Спачатку сабакі жывуць у кватэрах, дамах, а потым па нейкіх прычынах аказваюцца на вуліцах”, — кажа дырэктар полацкага ЖКГ.

Як распавядала Еўрарадыё, днямі ратвейлер у Полацку напаў на 72-гадовую жанчыну, якая гуляла са сваім тойтэр’ерам у двары. Пенсіянерка не пацярпела, але ў стане стрэсу звярнулася да медыкаў. Яе тойтэр’ер загінуў ад атрыманых ран. Ратвейлера застрэлілі супрацоўнікі міліцыі. Цяпер высвятляецца, каму належаў агрэсіўны сабака.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 30.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі