Вы тут

На наступным тыдні справу аб гібелі салдата Коржыча перададуць у суд

Фота: БЕЛТА

На наступным тыдні гучную справу аб гібелі салдата Аляксандра Коржыча перададуць у Вярхоўны суд. Пра гэта паведаміў тэлеканал АНТ. Раней стала вядома, што Следчы камітэт перадаў яе ў пракуратуру (у крымінальнай справе больш за 30 тамоў).

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў, што па справе праходзяць тры сяржанты. Следства мяркуе, што яны давялі салдата да самагубства. Але сяржанты гэта адмаўляюць (яны "прызналі фактычны бок выстаўленага абвінавачання", але сцвярджаюць, што "не мелі намеру на такія цяжкія наступствы"). Іх абвінавачваюць у "перавышэнні ўлады, якое пацягнула цяжкія наступствы", атрыманні хабару, паўторным атрыманні хабару, здзяйсненні крадзяжу.

Наскевіч таксама паведаміў, што вынікі судова-медыцынскай экспертызы, якая праводзілася пасля эксгумацыі цела салдата, пацвердзілі ранейшыя высновы: "На целе памерлага нейкіх іншых цялесных пашкоджанняў, не звязаных з самапавешаннем не маецца".

Аляксандр Коржыч быў знойдзены павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах 3 кастрычніка мінулага года. Пасля таго, як справа апынулася ў цэнтры ўвагі СМІ і набыла грамадскі рэзананс, яе ўзяў пад кантроль кіраўнік дзяржавы, які паабяцаў правесці аб'ектыўнае расследаванне. Па ўсёй краіне прайшлі праверкі ў вайсковых частках. За дзедаўшчыну сёлета асуджаны 23 салдаты і сяржанты.