"Мінсктранс" і аўтапарк у Баранавічах не падзялілі варшаўскі напрамак

Лагатып АП "Баранавічы" / vk.com /gazeta_nash_kraj
Лагатып АП "Баранавічы" / vk.com /gazeta_nash_kraj

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання 10 ліпеня вынесла папярэджанне баранавіцкаму аўтапарку. На думку чыноўнікаў, парк парушыў падпункт 1.5 пункта 1 артыкула 18 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі".

Пакараць па гэтым падпункце могуць, калі суб'ект дае эканамічна неабгрунтаваную адмову ад заключэння дамовы з асобнымі спажыўцамі. Як даведалася Еўрарадыё, аўтапарк пайшоў супраць "Мінсктранса", не ўзгадніўшы выкарыстанне сваіх тэрміналаў для рэйса "Мінск — Варшава".

Дамова на выкарыстанне транспартных тэрміналаў баранавіцкага аўтапарка з прадпрыемствам "Мінсктранс" была заключана. Але рэйс "Мінсктранса" накладваўся на ўласны рэйс баранавіцкага аўтапарка. Праз гэта парк губляў пасажыраў і таму згоды на маршрут "Мінсктрансу" не даў.

— Калі ідзе рэйс "Баранавічы — Варшава" і "Мінсктранс" пры гэтым накладвае свой маршрут з розніцай у некалькі гадзін, натуральна, што пасажыры будуць пераразмяркоўвацца і частка пасажыраў пойдзе на іх маршрут. Таму наша рашэнне будзе ў бок эканамічных інтарэсаў нашага прадпрыемства, нам таксама трэба зарабляць грошы.

Асабіста маё меркаванне, што МАРГ наогул не разабраўся ў корані пытання, чаму так адбылося. Нам выдалі прадпісанне — заключыць дамову. Але дамова ў нас з УП "Мінсктранс" заключаная! Пытанне датычыцца некаторых тонкасцяў, звязаных з атрыманнем узгаднення на выкананне міжнароднага маршруту, — расказвае юрыст аўтобуснага парка "Баранавічы" Данііл Нікіцін. — У адпаведнасці з заканадаўствам перад тым, як атрымаць дазвол на выкананне гэтага міжнароднага рэйса, "Мінсктранс" павінен быў атрымаць узгадненне тэрміналаў, якія размешчаны па ходзе руху гэтага маршруту.

Ёсць закон, які рэгулюе гэты парадак. Хочаце выконваць рэйс — атрымайце ўзгадненне тэрмінала. Мы ўладальнік тэрмінала. Думаеце, што "Мінсктранс" толькі рэйс "Мінск — Варшава" выконвае? Яны выконваюць каля пяці-шасці рэйсаў у бок Беластока і Варшавы праз нас, мы іх пускаем, працуем у рамках гэтай дамовы па ўсіх астатніх маршрутах. Але гэты маршрут, які яны адкрылі, катэгарычна нам перашкаджаў. Ён перарываў наш маршрут, перасякаўся з нашымі інтарэсамі. У адпаведнасці з заканадаўствам яны павінны былі атрымаць наша ўзгадненне. У нас ёсць перапіска, дзе мы пазначылі, што мы не ўзгадняем гэты маршрут. Адпаведна, ліцэнзійны орган не павінен быў выдаваць дазвол на выкананне гэтага маршруту. Аднак у абыход нашых інтарэсаў "Мінсктранс" атрымаў ліцэнзію. Якім чынам яны гэта зрабілі — мы не ведаем.

Дык хто ж у гэтай сітуацыі паводзіць сябе як манапаліст?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі