Мінскія ўлады абяцаюць раіцца з грамадскасцю пра рэканструкцыю цэнтру

Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкаму паабяцаў прыцягваць грамадскасць да абмеркавання праектаў рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру, у тым ліку праекту аднаўлення Мінскага замчышча XI-XVII стст. Пра гэта гаворыцца ў адказе на зварот старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча да кіраўніка дзяржавы краіны. Астаповіч прасіў А.Лукашэнку пра асабісты ўдзел у прыняцці рашэнняў па рэканструкцыі гістарычнага цэнтру. У звароце ад 27 лютага паведамлялася, што чалец аб'яднання архітэктар-рэстаўратар Уладзімір Папруга распрацаваў комплексны праект аднаўлення гістарычнага цэнтра сталіцы, накіраваны ў Мінгарвыканкам. Аўтар звароту выказаў занепакоенасць нежаданнем гарадскіх уладаў абмяркоўваць гэты праект з грамадскасцю, а таксама абыякавасцю кантрольных і наглядных органаў да шматлікіх парушэнняўправа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтыя парушэнні, паводле архітэктараў, набываюць у сталіцы татальны характар.

У сваім лісце чыноўнікі Мінгарвыканкаму адзначаюць, што асобныя часткі праекту У.Папругі (матэрыялы комплексных навуковых даследаванняў, графічная рэканструкцыя страчаных элементаў старадаўняй забудовы і планіроўкі) "могуць стаць асновай" распрацовак па аднаўленні тэрыторыі гістарычнага цэнтра на наступных стадыях праектавання.

Разам з тым, службоўцам называюць спрэчнымі шэраг прапановаў праекту па рэканструкцыі транспартнай схемы горада. "Улічваючы, што паказаныя прапановы прадстаўленыя ў канцэптуальным варыянце і не падмацаваныя транспартнымі разлікамі і аналізам існай інжынернай інфраструктуры, ацаніць магчымасць іх рэалізацыі досыць складана", — адзначаецца ў лісце.

Антон Астаповіч заявіў, што гэтая зацемка не адпавядае рэчаіснасці, паколькі ў тлумачальнай запісцы да свайго праекту У.Папруга прывёў "усе неабходныя абгрунтаванні і разлікі". "Апеляцыя грамадства да чыноўнікаў па пытаннях узнаўлення гістарычнага цэнтра сталіцы, а таксама па іншых праблемах зберажэння помнікаў айчыннага дойлідства сведчыць пра тое, што дзяржаўная палітыка ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны накіраваная на яе знішчэнне", — лічыць А.Астаповіч.

Паводле БелаПАН