Мінгарвыканкам збірае звесткі пра ўкраінцаў, якія працуюць у дзяржструктурах

Мінгарвыканкам / Еўрарадыё

Мінгарвыканкам збірае інфармацыю пра ўкраінцаў, якія працуюць у дзяржструктурах, "незалежна ад даты пераезду ў Рэспубліку Беларусь". Адпаведны запыт чыноўнікі даслалі ў падпарадкаваныя структурныя падраздзяленні, піша Reform.by.

У запыце, які атрымалі дзяржустановы, гаворыцца: "Прашу сёння да 14:00 прадставіць інфармацыю пра грамадзян, якія працуюць у вашай арганізацыі ў якасці асноўнага работніка, месцам нараджэння якіх з'яўляецца Украіна, незалежна ад даты пераезду ў Рэспубліку Беларусь. Форма прадстаўлення інфармацыі прыкладаецца. Інфармацыю прадстаўляць у электронным выглядзе фармаце WORD, на папяровым носьбіце не трэба".

Мэта збору такіх звестак не ўдакладняецца.

Дарэчы, раней такую ж інфармацыю збірала пра сваіх супрацоўнікаў кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Пра гэта паведамлялася ў тэлеграм-канале супольнасці чыгуначнікаў у кастрычніку 2022 года. Пасля збору інфармацыі работнікаў, якія нарадзіліся ва Украіне, як паведамлялася, выклікалі ў абласныя ўпраўленні КДБ і распытвалі пра сваякоў ва Украіне і пра стаўленне да вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.