Вы тут

Міліцыянеры, аграномы або айцішнікі? Як скончыўся прыём дакументаў на бюджэт

Будучыя міліцыянеры / Акадэмія МУС

Прыём дакументаў на бюджэт завяршыўся ва ўніверсітэтах Беларусі: апошнім днём падачы было 26 ліпеня. Пакуль яшчэ няма афіцыйных спісаў на залічэнне і прахадныя балы не абвешчаныя. Але карціну па шэрагу спецыяльнасцяў у беларускіх ВНУ ўжо можна ўявіць.
 

Нізкія балы для міліцыянераў, мала людзей у аграномы

На мінулым тыдні Еўрарадыё звяртала ўвагу, што на "Крымінальна-выканаўчую дзейнасць" (Акадэмія МУС) была пададзеная ўсяго адна заяўка на 50 месцаў. 26 ліпеня карціна была ўжо іншая: мабыць, туды "перанеслі" дакументы з іншых факультэтаў і прыйшлі хлопцы і дзяўчаты, у якіх не было шанцаў на іншых спецыяльнасцях.

Студэнты БДСГА на занятках

Ужо традыцыйныя і недаборы ў альма-матар Лукашэнкі — Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. У акадэміі адкрыты набор для 735 чалавек на бюджэт, а пададзена 512 заявак. Не дапамагаюць сфармаваць конкурс нават уведзеныя нядаўна "аграрныя класы".
 

Конкурс на юрыстаў і дыпламатаў, нястача фізікаў

У Белдзяржуніверсітэце конкурс склаўся нават у Інстытут тэалогіі, дзе раней бывалі недаборы. Але па-ранейшаму сітуацыя не радасная на спецыяльнасцях з фізікай і матэматыкай. Напрыклад, на 150 месцаў фізічнага факультэта пададзена 129 заяў, на 205 месцаў факультэта радыёфізікі — 182.

З самымі высокімі баламі ў БДУ хлопцы і дзяўчаты ішлі на будучых юрыстаў і спецыялістаў па міжнародных адносінах. Так, на ФМА ідуць шэсць чалавек, у якіх ад 391 да 400 балаў з 400 магчымых. На юрфаку на "Правазнаўства" ў большай часткі абітурыентаў больш за 350 балаў.

Конкурс традыцыйна склаўся і на іншых гуманітарных спецыяльнасцях — напрыклад, для будучых журналістаў, перакладчыкаў і эканамістаў.

 

А што ў педагогаў?

Па педуніверсітэце конкурс у цэлым склаўся, але сітуацыя моцна адрозніваецца ў залежнасці ад выбранай спецыяльнасці.

Напрыклад, конкурс на "Лагапедыю" склаў больш за два чалавекі на месца, а на "Псіхалогію" — і зусім амаль чатыры чалавекі на месца.

Але вось на "Фізіку і інфарматыку" недабор: на 40 месцаў пададзена толькі 22 заявы. Шанцы стаць настаўнікам ёсць у тым ліку ў абітурыента, які набраў менш за 180 балаў з 400 магчымых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.