Вы тут

Альма-матар Лукашэнкі ці Акадэмія МУС: куды ідзе менш за ўсё абітурыентаў

Абітурыенты ў Беларусі / TUT.by

Абітурыенты падаюць дакументы на бюджэт у ВНУ Беларусі ўжо некалькі дзён. У агульных рысах становіцца зразумела, на якія спецыяльнасці хоча паступаць моладзь і з якімі баламі ідзе. Еўрарадыё сабрала інфармацыю па звестках на 22 ліпеня.
 

Акадэмія МУС: 1 на 50 месцаў

Акадэмія МУС набірае абітурыентаў на тры факультэты: міліцыі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы.

Лепш за ўсё пакуль што ідзе падача на будучых следчых і экспертаў-крыміналістаў. Напрыклад, на спецыяльнасць "Судовапракурорска-следчая дзейнасць" (для СК) пададзена 48 заяў, усяго месцаў 75. Абітурыент з максімальнымі баламі знаходзіцца ў дыяпазоне 295–300 з 400. Шмат хто паступае з куды больш нізкімі баламі: менш за 230 маюць 20 чалавек. Для разумення: гэта прыблізна па 58 балаў на ЦТ і атэстат 5,7.

Будучыя міліцыянеры / Акадэмія МУС

У патэнцыйных крыміналістаў балы вышэйшыя, а па "жаночым" наборы (асобны конкурс для хлопцаў і дзяўчат) ужо склаўся конкурс.

На факультэце міліцыі конкурсу пакуль няма нідзе: напрыклад, на "Аператыўна-вышуковую дзейнасць" пададзена 45 заяў на 110 месцаў, а на "Адміністрацыйна-прававую дзейнасць" — усяго 24 заявы на 118 месцаў. Прычым абітурыент, які цалкам мае шанц прайсці на бюджэт, мае менш за 150 балаў з 400.

Але ў антырэйтынгу перамагае "Крымінальна-выканаўчая дзейнасць": выпускнікі будуць працаваць у сістэме выканання пакаранняў, гэта значыць у турмах і далей па спісе. На 50 месцаў "мужчынскага" набору пададзена адна заява ад абітурыента з менш як 160 баламі, а на "жаночы" — адна на дзесяць месцаў. Праўда, у абітурыенткі балы вышэйшыя: у дыяпазоне 256–260.

 

Альма-матар Лукашэнкі: з году ў год усё дрэнна

Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) у Горках славіцца тым, што яе скончыў Лукашэнка і цэлая плеяда топ-чыноўнікаў. І апошнія гады ў БДСГА ёсць сур'ёзныя недаборы. Здаецца, выключэннем не стане і 2021-ы.

Сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках / Planeta Belarus

Напрыклад, на 135 месцаў спецыяльнасці "Заатэхнія" пададзена 19 заяў. Прычым у аднаго абітурыента менш за 90 балаў з 400 магчымых!

На 25 месцаў для будучых меліяратараў пададзена тры заявы, на 50 месцаў спецыяльнасці "Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК" — 18 заявак.

У цэлым у БДСГА на 735 бюджэтных месцаў пададзена 217 заяў.

 

Акадэмія кіравання: хто хоча ў чыноўнікі

У Акадэміі кіравання пакуль сітуацыя з конкурсам складваецца таксама не радасна. Напрыклад, на 40 месцаў па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і права" пададзена сем заявак. Балы ў хлопцаў і дзяўчат не такія і нізкія: мінімальныя — ад 330.

На спецыяльнасць "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка" набіраюць 30 чалавек, заяў пададзена восем. У кагосьці з тых, хто хоча кіраваць эканомікай краіны, менш за 240 балаў з 400.
 

Педагагічны: балаў няшмат, затое бюджэт

Не вылучаецца высокімі прахаднымі баламі і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (БДПУ).

Напрыклад, на 145 бюджэтных месцаў для будучых педагогаў дашкольнай адукацыі пададзена пакуль што 73 заявы. У кагосьці менш за 180 балаў з 400. Падобная сітуацыя і на спецыяльнасці "Пачатковая адукацыя".

Горш за ўсё падача ідзе на спецыяльнасцях "Фізіка і інфарматыка" і "Матэматыка і інфарматыка". Так, на 40 месцаў для будучых настаўнікаў фізікі пакуль што пададзена шэсць заяў, у абітурыента з мінімальнымі баламі іх менш за 190, у найлепшага — да 250. На настаўнікаў матэматыкі пакуль што ідуць 27 чалавек (70 месцаў). Дыяпазон балаў — ад 230 да 310.

Будучыя медыкі / БДМУ

Добра ідзе набор і ў БДУІР. Напрыклад, на 15 бюджэтных месцаў спецыяльнасці "Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)" пададзена 65 заяў, а на 60 месцаў кірунку "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" — 130, прычым у некаторых абітурыентаў больш за 390 балаў.

Высокія адзнакі і ў тых, хто ідзе ў медыцынскі (што не можа не радаваць). У большасці абітурыентаў больш за 350 балаў, а ў 26 — больш за 380. Праўда, конкурс пакуль не склаўся, бліжэй за ўсё да яго стаматалагічны факультэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.