Вы тут

Педагогі, інжынеры, медыкі: якая адукацыя ў беларускіх дэпутатаў

Якая адукацыя ў людзей, што вызначаюць законы ў Беларусі? / Еўрарадыё

У любой краіне з рэальным падзелам уладаў роля парламента велізарная. Але пра Беларусь гэтага не скажаш: дэпутаты рэдка выступаюць з заканадаўчай ініцыятывай, а галасуюць у асноўным "за" — за тыя законы, якія прыходзяць у Палату прадстаўнікоў з розных міністэрстваў і ведамстваў. Цяпер на разглядзе не знаходзіцца ні аднаго законапраекта, унесенага парламентарыямі. А ў 2019 годзе быў усяго адзін — дый тое яго неўзабаве адклікаў "суб'ект заканадаўчай ініцыятывы".

Хто гэтыя людзі, якія па Канстытуцыі маюць столькі правоў: ад напісання законаў да запуску працэдуры імпічменту — але чамусьці не карыстаюцца імі? Еўрарадыё вырашыла паглядзець, якую адукацыю і, адпаведна, кампетэнцыі маюць "народныя абраннікі".

Кожны пяты — педагог

Тых, хто прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, мы не ўлічвалі, толькі дыпломы аб вышэйшай адукацыі, якія былі атрыманы парламентарыямі. Калі вышэйшых адукацый некалькі, улічвалася пры падліку тое, у якой сферы чалавек працягнуў кар'еру.

Сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ніжняй палаты парламента, крыху больш за 19% маюць педагагічную адукацыю. Частка з іх потым атрымлівала другую "корачку" — напрыклад, юрыста або псіхолага, але большасць іншых спецыяльнасцяў не атрымлівала.

На другім месцы ў ніжняй палаце парламента ідуць людзі з тэхнічнай адукацыяй: іх крыху больш за 18%.

Зноў жа, ёсць сярод дэпутатаў і тыя, хто, атрымаўшы кваліфікацыю інжынера, потым перавучваўся — напрыклад, па профілі "міжнародныя адносіны" або "правазнаўства". Але, як і для педагогаў, для большасці тэхнічная адукацыя — адзіная.

Медыцынская адукацыя амаль у 12% дэпутатаў. І толькі на чацвёртым месцы ідуць юрысты: такая адукацыя ёсць у кожнага дзясятага парламентарыя.

Эканамістаў у нашым парламенце столькі ж, колькі аграрыяў, — па 7,3%. Далей ідуць вайскоўцы, філолагі, гісторыкі, журналісты, спартсмены і фізік.

Доктарскія ступені ёсць толькі ў двух дэпутатаў: Ігара Марзалюка і Людмілы Макарынай-Кібак

Сярод 110 дэпутатаў у семярых ёсць кандыдацкая ступень, у двух — доктарская. Па дзіўным супадзенні тых, хто атрымаў другую адукацыю ў Акадэміі кіравання, куды больш: адразу 40 чалавек. Мяркуючы па ўсім, выпускнікі АК маюць нейкі таемны ўплыў на электарат.

Сенатары — аграрыі, эканамісты і лекары

У верхняй палаце парламента, Савеце Рэспублікі, размеркаванне па адукацыі крыху іншае.

Аднолькавыя долі (крыху больш за 15% кожная) займаюць людзі з аграрнай, медыцынскай і эканамічнай адукацыяй. Далей па папулярнасці сярод сенатараў ідзе тэхнічная адукацыя, потым — педагагічная.

У кіраўніка ніжняй палаты парламента Уладзіміра Андрэйчанкі аграрная адукацыя, у спікера Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай — тэхнічная

Юрыстаў сярод сенатараў каля 8,5%. Цікава, што журналістаў столькі ж, колькі гісторыкаў, — 3,4%. Таксама ёсць вайскоўцы, філосафы і спецыялісты ў галіне культуры.

Доля людзей з навуковымі ступенямі ў Савеце Рэспублікі вышэйшая, чым у ніжняй палаце. Так, чацвёра маюць ступені кандыдатаў і шасцёра — дактароў навук. Але, як і ў выпадку з Палатай прадстаўнікоў, найбольш папулярная навучальная ўстанова сярод сенатараў — Акадэмія кіравання: другую спецыяльнасць там атрымалі 23 сенатары. Усяго ў Савет Рэспублікі абіраецца і прызначаецца 64 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.