Міліцыянер, які засудзіў блогерку: “Мая матуля дагэтуль перажывае”

“Навошта вы мяне фатаграфавалі? Супраць мяне праводзілі службовую праверку, двойчы дапытвалі, матуля дагэтуль перажывае. Звоніць кожны дзень, пытаецца, за што мяне звальняюць”, — гэтак прапаршчык мінскай міліцыі Ігар Дунько тлумачыць суду свае крыўды на піяршчыцу і блогерку Алену Мельнікаву, вядомую ў інтэрнэце пад псеўданімам Стогава.

У суд міліцыянер вырашыў звярнуцца пасля таго, як пачалі званіць знаёмыя. “Я той вечар, калі не пусціў яе ў метро, памятаю. Усё культурна было, прэтэнзій у мяне не з’явілася. А праз два дні мне пазваніла начальства і запрасіла на размову. Потым знаёмыя і сябры пачалі званіць, расказваць пра фота ў інтэрнэце і каментары”, — расказвае прапаршчык.

Яшчэ гаворыць, што працуе на сваім месцы больш за 20 гадоў і ніводнага разу не меў спагнання. Атрымаў 49 прэмій і характарызуецца выключна станоўча, як адказны і ініцыятыўны супрацоўнік. І хоць па выніках службовай праверкі спагнанняў на Дунько накладзена не было, ён кажа, што “сам факт праверкі яму вельмі непрыемны”.

“Навошта вы мяне выклалі ў інтэрнэт?” — гэтае пытанне прапаршчык Дунько задае Алене Мельнікавай некалькі разоў. У адказ чуе, што блогерка “хацела выказаць сваю крыўду і боль, эмоцыі ўзялі верх”, а да Дунько персанальна яна не мае прэтэнзій і “ніякім чынам не хацела яго пакрыўдзіць”.

Міліцыянер не верыць. “Яна прынізіла мой гонар і годнасць. Лічу, што я пацярпеў больш за ўсіх”, — адчайна настойвае ён перад судом.

У суддзі Кастрычніцкага суда больш за ўсё пытанняў таксама да размешчаных фота. “Навошта вы іх размясцілі?” — пытаецца ён у дзяўчыны. У адказ чуе: “Каб людзі паверылі ў маю гісторыю, бачылі, што яна праўдзівая”.

Выступае адвакат. Гаворыць, што паводле азначэння Крымінальнага кодэкса, абразай гонару і годнасці можна лічыць толькі такое выказванне, якое з’яўляецца персанальным. Чаго, на думку абаронцы, у пасце Алены Мельнікавай не было. У дадатак звяртае ўвагу суддзі, што найбольш крыўдныя каментары на адрас міліцыянера з матэрыялаў справы — “яны бязмозглыя пешкі” і іншыя — увогуле не належаць Мельнікавай і з’явіліся ў справе невядома адкуль.

Факт допісу пра “ментаўскую краіну” Мельнікава з адвакатам прызнаюць. Але не бачаць там нечага крыўднага для міліцыі. “Мая падабаронная ў дзяцінстве глядзела па тэлебачанні серыял “Мянты”. Яна не лічыць гэта слова абразай, серыял ішоў па дзяржаўным тэлеканале”, — расказвае суддзі адвакат.

Аднак суддзя да тлумачэнняў Алены Мельнікавай і яе адваката, відаць, не прыслухоўваецца. “Прызнаць вінаватай у абразе”, — гаворыць ён пасля гадзіны і дваццаці хвілін слуханняў. І прызначае штраф у памеры 20 базавых велічынь, альбо 3,6 мільёна рублёў.

“Я не ведаю, што ў іх у галовах”, — гаворыць Алена Мельнікава на развітанне журналістам. І едзе вячэраць не на метро.

Чытайце таксама: Скандал: Блогерка супраць метро. Запіс інцыдэнту з камер назірання (відэа)

Фота: stogova.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі