Скандал: Блогерка супраць метро. Запіс інцыдэнту з камер назірання (відэа)

“Спускаючыся ў метро, паралельна перапісвалася з сяброўкай, на хаду. Ля турнікетаў метро Парк Чалюскінцаў (у той момант, як і ў наступную хвіліну, людзей там не было наогул) мяне спыніла супрацоўніца станцыі, сказаўшы, што мне ў метро нельга. Маўляў, я п'яная, і такіх у метро не пускаюць. Мне падалося, ёй не вельмі спадабалася, што я іду, паралельна нешта набіраючы на тэлефоне. Гэта значыць раздражненне было менавіта на тэлефон у руцэ. Хоць я магу не мець рацыі”, — расказвае Алена Стогава Еўрарадыё сваю версію.

Гісторыя здараецца ўвечары 3 снежня. Мінская піяршчыца і блогерша Алена Стогава у 19.19 прыязджае на станцыю метро “Парк Чалюскінцаў” і выходзіць з яе на паверхню. Праз 15 хвілін спускаецца назад з мэтай ізноў сесці ў цягнік. Але марна — дарогу да турнікета перакрывае дзяжурная па станцыі і супрацоўнікі службы аховы. Яны паведамляюць дзяўчыне, што ёй лепш скарыстацца наземным транспартам, а ў падземны не пусцяць.

“Ідзіце на наземны транспарт, дзяўчына. Ідзіце адсюль. Маўляў, п'яным у метро нельга. Я прапанавала адвесці мяне на агляд, тэсты, ці як гэта называецца. Але яны проста не захацелі са мной мець справу, хамілі. Акрамя галаслоўных сцвярджэнняў аб сваім стане я нічога не пачула. А я не вельмі люблю спрачацца і даказваць, што я не алень і губляць час. Да таго ж дома чакаў сабака, з якім трэба было тэрмінова гуляць”, — расказвае па размову з супрацоўнікамі метро Стогава.

Дабраўшыся дадому на маршрутцы, яна піша вялікі пост у ЖЖ, дзе выказвае сваю версію падзей. Пост каментуюць сотні разоў, збольшага крытыкуючы метрапалітэн. Гісторыяй пачынаюць цікавіцца СМІ, разгараецца невялічкі скандал.

“Я не была п’янай”, — настойвае Стогава. “Сустрэча з кліентам, банк, адкрыццё салона “Сквірэл”, кастынг, зноў банк, другі”, — апісвае яна свой дзень 3 снежня.

Прэс-сакратар мінскага метро Андрэй Кузмін у сваю чаргу настойвае, што Алена была п’янай і супрацоўнікі паступілі правільна. Ён расказвае Еўрарадыё, што выпадкі, калі пасажыраў не пускаюць у метро здараюцца даволі часта. Асабліва на святы альбо падчас важных спартыўных мерапрыемстваў. Падвыпіўшых вылічаюць ў натоўпе па паходцы і паводзінах. Вылічыўшы – проста не пускаюць за турнікет. “Гэта робіцца для іх жа бяспекі. Метро — вельмі небяспечнае месца”, — гаворыць Кузмін. І дадае, што ўся гісторыя з блогершай Аленай Стогавай не вартая вялікай увагі, а інцыдэнт можна было б лічыць вычарпаным. Калі б не допіс у ЖЖ.

“Было вельмі крыўдна, калі на наступны дзень з’явіўся допіс у жывым журнале спадарыні Стогавай, дзе яна пераварочвае ўсё з ног на галаву. Дазваляе сабе абражальныя выказванні ў адрас супрацоўнікаў метрапалітэна. Загадзя ведаючы, што не мае рацыі. Яе допіс справакаваў шквал каментарыяў, дзе супрацоўнікаў метро і міліцыянераў таксама абражалі самымі разнастайнымі словамі. Каму гэта спадабаецца”, — гаворыць ён.

Таму было вырашана даць журналістам запісы з камер відэаназірання “Парка Чалюскінцаў”. Да Еўрарадыё трапіла адразу пяць вялікіх ролікаў, на якіх добра бачныя “прыгоды” Алены Стогавай у метро. “Магчыма, відэа не да канца перадае атмасферу сітуацыі. Спадарыня Стогава там не падае, няма запісу размоваў, нельга адчуць пах. Аднак мы лічым, што яго неабходна апублікаваць”, — гавораць у метрапалітэне.

Каментуючы відэа з камер назірання ў метро, Алена адзначае, што кепска ходзіць на высокіх абцасах, асабліва ў канцы напружанага працоўнага дня. А сваю рэакцыю на дзеянні супрацоўнікаў метрапалітэна тлумачыць тым, што прызвычаілася на агрэсію адказваць усмешкай.

“Усмешка — лепшая рэакцыя на хамства, яна ўводзіць людзей у ступар, бо яны чакаюць агрэсіі ў адказ, а я смяюся над імі. Адказваць зычлівасцю на агрэсію — мая любімая забава”.

Напрыканцы размовы Алена просіць дазволу ў ахоўніка пацалаваць яго. Той не адмаўляецца.

“На развітанне я сказала, што калі б у мяне былі кветкі, то я б ім падаравала”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі