Вы тут

Мархель — пра матч з Нідэрландамі: паражэнне як перамога

Адзіны гол у беларусаў забіў Станіслаў Драгун / abff.by

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель пракаментаваў паражэнне ад Нідэрландаў у адборы на Еўра-2020 (1:2, гол у беларусаў забіў Станіслаў Драгун). Матч прайшоў на мінскім стадыёне "Дынама", на ім прысутнічала больш за 21 тысячу чалавек.

"Добры для нас досвед — такая гульня з такім сапернікам, цытуе словы Мархеля прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола. — Я лічу, хлопцы экзамен вытрымалі. Не выйгралі, але даказалі, што характар у гэтай каманды ёсць... Бываюць такія паражэнні як сёння, якія каштуюць больш перамогі".

Таму галоўны трэнер кажа, што з аптымізмам глядзіць у будучыню.

У іншым матчы групы "С" зборная Эстоніі прайграла на сваім полі Германіі — 0:3. Нідэрланды і Германія набралі па 15 ачкоў, Паўночная Ірландыя — 12, Беларусь — 4, Эстонія — 1. Беларуская зборная гарантавала сабе чацвёртае месца ў групе. Апошні паядынак дружына Міхаіла Мархеля правядзе 16 лістапада ў гасцях з немцамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.