Вы тут

Любоў і Віця. "Ноч" Марціновіча — канец свету ў эпоху хэпі-энд

Фота: tsn.ua
ДЫСКЛЭЙМЕР: У ТЭКСЦЕ СПОЙЛЕРЫ

Выйшаў новы раман самага папулярнага беларускага празаіка Віктара Марціновіча — "Ноч". Сціплая аўтограф-сэсія пройдзе на днях у "Акадэмкнізе". Пісьменнік не ў першы раз чамусьці ігнаруе прыватныя кнігарні. Ці гэта яны яго ігнаруюць? Зрэшты, на прэзентацыю кнігі Марціновіча чарга з фанатаў і ўздыхальніц выстраіцца да любой крамы, незалежна ад формы ўласнасці.

Кніга выйшла на беларускай мове, што дазволіць Віктару Марціновічу зноў ўступіць у штогадовую літаратурную гульню — прэмію Гедройца. Хоць атрымаць адно з трох прызавых месцаў настолькі ж малаверагодна, як Альгерду Бахарэвічу — стаць пераможцам.

Першая асацыяцыя, якая прыходзіць на розум пасля чытання — рвота. Не ў тым сэнсе што прачытанае — гідкае месіва, хоць хтосьці вырашыць і так. А ў тым, што ў мозг чытача паступае паўперавараная кансістэнцыя з цвёрдымі кавалачкамі розных твораў.

Вось толькі тут не атрымаецца выбраць толькі "бульбачку". Або ўсё, або нічога.

Не любіць "Ноч" — права беларусаў

Віктар — аўтар-кампілятар. Ён убірае ў свае раманы ўсё, што ўбачыў, пачуў і прачытаў. Яго тэкст заўсёды поўны адсылак, інтэртэкстуальных цытат і творчых перапрацовак.

У работу ідзе ўсё: кнігі (фантастыка нізкай якасці + папулярныя аўтары), мемчыкі, фільмы, камп’ютарныя гульні. Плюс ўстаўкі і жарты з беларускай рэальнасці. Усё гэта замяшана на эстэтыцы постапакаліпсісу і лёгкіх рэлігійных матывах з адсылкамі да індуізму.

Раман "Ноч" — чарговы поп-прадукт ад майстра стылістыкі. Кадаўр масавай культуры ў краіне, дзе яе няма. У гэтага рамана абсалютна няма свайго колеру. Але не ад таго, што Віктар — дрэнны пісьменнік, а з-за празмернасці адценняў. У выніку ўсё змяшалася ў адно невыразнае нешта. Гэта як з фарбамі. Калі змяшаць усе, то атрымаецца няўцямная шэра-бура-малінавая бурда. На жаль, так і тут.

Постапакаліпсіс курца

Мінск распаўся на гарады-полісы, якія ўзніклі на месцы гарадскіх раёнаў. Полісы кіруюцца самымі рознымі формамі ўлады. Аўтазам (раён аўтазавода) кіруюць "браткі", і гэта цалкам лагічна. Але матрыярхат ў Зялёным Лузе і народная дыктатура з рабствам ў Кальварыі выглядаюць нацягнута.

Гарады-полісы — не адзіная адсылка да Старажытнай Грэцыі. Свет, апісаны ў кнізе, гэта мэшап з казачнага сярэднявечча і герадотавай "Гісторыі", з прымешкай "Фалаўта" і гульні "Сталкер". Тут герадотаўскія неўры і андрафагі існуюць нароўні з дэманічнымі "казланогімі" з нейкага прыдуманага Сярэднявечча, нібы узятага з другаснага фэнтэзі, накшталт Ніка Перумава.

Большую частку часу не знікае адчуванне, што аўтар піша фанфік па існуючых сетынгах фантастыкі, але ў беларускім антуражы.

Галоўны герой не мача-баявік. Не страляе з дзвюх рук і вавёрку са ста крокаў у вока не б'е. Ён наогул не любіць зброю. Ён Кніжнік. Пацыфіст, рамантык, пісака. Жанчыны да яго так і ліпнуць, але ён верны толькі адной. Кніжнік жудасна ўдачлівы. Усе паміраюць, а ён застаецца. Свет, воляй аўтара, падладжваецца пад яго, каб герой жыў і выжываў. Гэта гісторыя ўцёкаў. Герой стаміўся ад мясцовай фантасмагорыі і ўцякае да сваёй любові ў Індыю.

Свет беларускай постапакаліптыкі прадстаўлены страката, але быццам бы ў спешцы. Аўтар нібыта баяўся спыніцца і пачаць апісваць занадта падрабязна. Герой тут не мяняецца. Як быў кніжнікам-пацыфістам на пачатку, так і застаўся ім у канцы. Ён упарта адмаўляецца неяк успрымаць і абдумваць тое, што адбываецца навокал — застаецца сляпым, нягледзячы на ​​тое, што перад ім спрабуюць усё асвятліць гіганцкім пражэктарам.

Напісаў — выдаў — прэзентаваў. Рамантыка!

Беларускі літаратурны свет бянтэжыць сваімі рэаліямі. Кнігі публікуюцца дрэнна. Выдаўцы выжываюць выключна за кошт грантаў. Чытачоў мала, але нават тыя, што ёсць, маглі б купляць беларускую літаратуру лепш. Аўтарскіх ганарараў няма, або яны мізэрныя. Прэса амаль не піша пра літаратуру. Літаратурных перыядычных выданняў практычна няма, або там публікуюцца такія людзі, з якімі ў адным полі гарбату піць не сядзеш. А прэміі, кажуць, выдаюцца па кумаўстве, а не па вартасці.

У нудных інтэрв'ю літаратары, якія ўсім надакучылі, у чарговы раз разважаюць пра “літаратуру” і распавядаюць рэдактарам сваіх кніг, як нясуць крыж пісьменніцтва, пакутуюць дзеля нас і культуры. У прэсы скулы зводзіць ад нуды і аднастайнасці прэзентацый, якія амаль заўсёды ператвараюцца ў папойкі, дзе абмяркоўваюць апошнія чуткі.

Трэба прызнаць: сучасны беларускі літаратар — нудны. У ім няма агеньчыка. Затое поўна пафасу. Рэдкія пісьменнікі здольныя стабільна выдаваць цікавы прадукт. І зрабіць нешта большае, чым накідаць чарговую кніжку і надрукаваць наклад у 200 асобнікаў. Усе нібы забыліся, што літаратура і рух вакол яе можа быць драйвовым і рок-н-рольным. А можа, ніколі пра гэта і не ведалі.

Віктар, Віктар — хлопец працавіты

Віктар Марціновіч — фігура вядомая. Масавы пісьменнік з налётам начытанасці і надзённасці. Масавы, наколькі гэта магчыма ў рэаліях беларускай літаратуры. Яго кнігі нават не трэба чытаць, хвалі "Фэйсбука" усё роўна прынясуць водгукі і рэцэнзіі. Вы даведаецеся пра яго новую кнігу, нават калі нічога не хочаце пра яе ведаць.

Марціновіч сціплы, стрыманы і спакойны. І зручны (магчыма, нават у побыце). Добразычліва раздае інтэрв'ю і каментарыі. Піша надзённыя калонкі на. Трымаецца навідавоку і на плыву, хоць паклёпнікі пагаворваюць, што ён проста не тоне. Растыражаваны. У іншай краіне фанаты прасілі б яго распісацца на грудзях. Але, камон, мы ж у Беларусі.

Маркетолагі, якія робяць з ім платныя творчыя вечарыны, ставяць яго ў адзін шэраг з Караткевічам, Быкавым і Алексіевіч. Пры гэтым літаратурны істэблішмент яго не тое што любіць. Ад крытыкаў Віктар лаўраў не атрымлівае, а то і зусім ігнаруецца.

Прэміямі ў Беларусі Марціновіч таксама ветліва не прыняты, калі не лічыць самотнага "Дэбюту" у 2012 годзе за кнігу "Сцюдзёны вырай". Дарэчы, гэта першая апублікаваная кніга Віктара на беларускай мове (гэта відавочна, бо атрымала “Дэбют”). Ён нават ні разу не ўваходзіў у шорт-ліст прэміі Гедройца — пралятаў міма яго, як героі Шагала над Віцебскам.

Раман-блокбастар "Мова" так і застаўся боўтацца ў лонг-лісце, пакінуты за бортам баржы "Сучбелліт". Пагаворваюць, гэта з-за таго, што кніга была першапачаткова напісаная на рускай мове. Але гэта чуткі.

Прасунь сябе сам

У сітуацыі, калі няма пастаянных схем прасоўвання кнігі, кожны раз трэба пракладваць новую лыжню. Адсутнасць інстытута літаратурных агентаў і ўстойлівага літаратурнага маркетынгу прыводзіць да таго, што аўтар павінен самастойна займацца прасоўваннем кнігі. Шукаць рэцэнзентаў, рассылаць анонсы, прабіваць інтэрв'ю. Прапаноўваць кнігу крытыкам у надзеі, што яны яе прачытаюць і што-небудзь напішуць. А мы ж не ў бардэлі.

Хтосьці дамаўляецца з піцэрыяй, каб яны давалі буклеты са зніжкай на яго кнігу. Хтосьці выбірае жыццё медыйных асоб, пастаянна нагадвае пра сябе ў "Фэйсбуку". Хтосьці піша на заказ эсэ і калонкі, раздае каментарыі і інтэрв'ю, ператвараючыся ў "інфлюэнсера".

Больш Марціновічаў, цікавых і розных!

У нармальнай літаратурнай сітуацыі такіх, як Віктар Марціновіч, павінна быць шмат. Элегантных, з добрай адукацыяй і поп-культурным багажом з Муракамі, Пялевіна, Хайдэгера, Кафкі, серыі "Фантастыка-82" і фільмаў катэгорыі "В". І без прэтэнзій на "інтэлектуальную літаратуру" у 900 старонак. Гэтакіх непасрэдных дэндзі, што гойсаюць у пошуках стаячых авацый у венскім тэатры, ядуць аленіну пад бруснічным соусам у віленскіх рэстарацыях і разважаюць пра гарадскія кавярні. Моднікаў, што раскідваюцца іранічнымі цытатамі з папулярных кніжак з паліцы "бестселеры". Тых, хто пастаянна ўзбіраецца на хвалю чарговага трэнду.

Але ў нас ёсць толькі Марціновіч. І ён імкнецца працаваць для ўсіх і за ўсіх. Выдае фантастыку самага рознага кшталту, ад антыўтопіі і джанк-рамана да постапакаліпсісу са шчаслівым канцом. Ад бандыцкага эпасу ў рэаліях беларускай хтоні да гісторый лёсу беларускіх жанчын.

Такіх раманаў, як "Ноч", павінна быць процьма. Але ў нас ён адзін.

Састаўны літаратурны бургер

Марціновіч выдае стабільна сярэдні прадукт, які з радасцю спажывае чытач і грэбліва жуе крытык. Гэта бургер ў свеце літаратуры, дзе булачка ад Макдональдса, катлета з Бургер Кінга, соус з Карлс Джуніара, а салёны агурочак ад бабулі з Палесся. Смак пры гэтым як у мамінага бургера.

Эдзі Мёрфі - скетч "Мамчын бургер"

Кніга Марціновіча — гэта лёгкі інтэлектуальны прадукт. Абястлушчаны, засвойваецца без астатку. Склад: банальная начытанасць ўсім запар і павярхоўнае веданне масавай культуры. Пачынаючы ад мема пра калена і заканчваючы алюзіямі на тую ж "Кысь". Тут і Харукі Муракамі, такі нелюбімы ў іншага беларускага літаратара — Бахарэвіча. Верагодна, ён яго не любіць, таму што баіцца ў выніку ім стаць. А мы не баімся. Мы чакаем.

Там-сям ў апавяданне урываюцца рэальныя людзі, напрыклад, Risky Guys, якія на роварах праехалі па Беларусі. І тут жа з імі жорстка распраўляюцца. Напэўна, фільм Марціновічу не спадабаўся.

Дарэчы пра смерці: веласіпедыстаў, гандляроў, сабакі. Іх мэта — выгадаваць героя і паказаць вар'яцкую жорсткасць новага свету. Але выглядаюць яны нязграбна. Каб усвядоміць драматычнасць смерці сабакі (ой, спойлер!), прыйшлося некалькі разоў перачытаць. Віктар, хочаце, каб душу раздзірала — прачытайце сцэну пахавання эльфа Добі ў "Гары Потэры". Ну ці хаця б паглядзіце такую ​​ж сцэну ў фільме "Я — легенда" з Уілам Смітам. Хоць, я думаю, вы бачылі.

"Ноч" — разадзьмутая аповесць, набітая мноствам сцэн без сэнсу. Пад канец аўтарская фантазія станчаецца і пачынаюцца самапаўторы. Логіку не шукай, тут руліць Харыхары. І раптоўнае прагаворванне ў лоб канцэпцыі новага свету і прычын катаклізму ад местачковага deus ex machina, які называецца то Самуэлем, то Пастухом, то Геолагам, то аватарам індуісцкага бога.

Стракаты свет, які вымалёўвае Віктар Марціновіч, складаецца з мноства лапікаў, якія так-сяк пашытыя ў коўдру. Добрая ідэя абломваецца праз нязграбную рэалізацыю і недапрацаванасць прыдуманага свету. Аўтарская бездапаможнасць вылілася ў адкрытае прагаворванне канцэпцыі свету мясцовым "богам з машыны".

Герой плыве па Эрыдане, на фоне грае The Doors — “This is the End”.